Шчаслівае мірнае сёння як самы лепшы падарунак для ўсіх пакаленняў

Ветэраны Вялікай Айчыннайвайны Уладзімір  Тамашук  і ФёдарЛойка з юнымі ляхавічанамі.

Сваё галоўнае свята – Дзень Незалежнасці і 75-годдзе вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў 3 ліпеня адзначыла Беларусь. Патрыятычныя акцыі, тэатралізаваныя шэсці і канцэрты прайшлі па ўсёй краіне.
Ва ўрачыстасцях прыняў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы 2 ліпеня выступіў на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці. А ў святочны дзень прыняў ваенны парад войскаў Мінскага гарнізона.
Памяць аб тых, хто змагаўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны, – частка нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, заявіў Прэзідэнт на парадзе ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня Незалежнасці. «Мы 75 гадоў жывём пад чыстым небам. У імя свяшчэннай памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны абавязаны захаваць мір і незалежнасць сваёй зямлі, перадаць гэту самую вялікую каштоўнасць у нашым жыцці наступным пакаленням», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У парадзе прынялі ўдзел больш за 5000 ваенна-служачых, у складзе механізаванай калоны прайшлі больш за 280 адзінак тэхнікі, у паветраным парадзе былі задзейнічаны каля 50 самалётаў і верталётаў. Убачыць святочнае шэсце, як і масавы тэатралізаваны эпізод «Беларусь гераічная», можна было ў прамым эфіры па беларускіх тэлеканалах.

У Брэсце святкаванне пачалося з ўскладання вянкоў да галоўных сімвалаў мужнасці народа – Вечнага агню ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая
крэпасць-герой» і абеліска «Вызваленне» на плошчы Свабоды. У мерапрыемствах прынялі ўдзел кіраўніцтва вобласці, ветэраны, прадстаўнікі дыпламатычных місій, грамадскіх арганізацый, рэлігійных канфесій, гараджане і госці абласнога цэнтра. 
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс падкрэсліў, што Дзень Незалежнасці з’яўляецца сімвалам свабоды, нацыянальнага адзінства і гонару, гэтае свята асабліва значнае для Брэста: «Менавіта Брэсцкая крэпасць першай прыняла на сябе ўдар ворага ў чэрвені 1941 года. Яе абаронцы і мірныя жыхары паказалі прыклад гераізму і мужнасці, тут пачалі каваць Перамогу. Сёння мы аддаём ім даніну павагі і памяці».
Адным з самых важкіх падарункаў да Дня Незалежнасці брастаўчанам стала ўрачыстае адкрыццё  3 ліпеня Кобрынскага пуцеправода. На рэканструкцыю 800-метровага моста, які звязвае цэнтральную і ўсходнюю часткі горада, з бюджэту было накіравана больш за 19 мільёнаў рублёў.

Ляхавічане і госці горада сустракалі Дзень Рэспублікі, а разам з ім і юбілейную дату вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў радасна і светла. Добразычліва-ўрачыстая атмасфера панавала паўсюдна. Над вось ужо 75 гадоў мірным горадам разліваліся песні. Па цэнтральнай вуліцы расквечанага сцягамі райцэнтра прайшлі ў святочнай калоне ўдзячныя нашчадкі салдатаў Перамогі – сённяшнія абаронцы Айчыны, кіраўніцтва раёна і дэлегацыі працоўных калектываў, прадстаўнікі «Белай Русі» і БРСМ, маладзёжнага парламента, гараджане і вяскоўцы.

Плошча Перамогі. Менавіта тут ля помніка загінулым воінам-вызваліцелям па традыцыі штогод праходзіць мітынг. Шчырыя словы пашаны і кветкі – нашым дарагім ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Хвалююць сэрца размераныя ўдары метранома. Землякі застылі ў хвіліне маўчання, аддаючы даніну павагі тым, хто адваяваў для сваіх нашчадкаў права жыць пад мірным небам. Да помніка воінам-вызваліцелям ляглі вянкі і кветкі.
З Днём Незалежнасці і 75-годдзем вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў павіншаваў землякоў старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі.
Віншавальнае слова ад імя ветэранскай арганізацыі раёна трымаў Мікалай Юрлевіч, гімназістка Дар’я Секач – ад моладзі. Узрушана-ганаровым акордам мітынга стала ўручэнне юбілейных медалёў «75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Начальнік адасобленай групы райваенкамата Аляксандр Байчык уручыў юбілейныя ўзнагароды ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, Узброеных Сіл, ветэранам працы і самай маладой партызанцы Ляхавіччыны – раёнцы.

Па традыцыі стройным маршам прайшлі па плошчы Перамогі сённяшнія абаронцы Айчыны. У святочным шэсці іх змяніла механізаваная калона, у якой была прадстаўлена тэхніка розных прадпрыемстваў і службаў раёна, – цікава, захап-ляльна і відовішчна.
Чарговая святочная пляцоўка – плошча Леніна. Ад старажытных часоў да сённяшняга стваральнага дня – тэатралізавана-музычную кампазіцыю падрых-тавалі культработнікі.
Апладысментамі прысутныя сустракалі прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый Ляхавіччыны, землякоў, якія сваёй добрасумленнай, адказнай працай прымнажаюць гонар і славу раёна, вобласці, краіны. Кіраўнік райвыканкама Аляксандр Камінскі ўручыў ім пасведчанні аб занясенні на Галерэю славы Ляхавіцкага раёна. Падзяка старшыні райвыканкама была адрасавана шэрагу лепшых жывёлаводаў раёна.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса вітаў уладальнікаў ганаровага звання «Чалавек года» Ляхавіччыны.
Да ўзнагароджання запрашаліся таксама кіраўнікі і працаўнікі лепшых сельгасарганізацый.
А над горадам гучалі песні, віншаванні, кружылі ў танцы хлопчыкі і дзяўчынкі – запамінальна прайшоў канцэрт аматарскіх калектываў мастацкай творчасці «Беларусь мая – слава, надзея і гонар».
У гарадскім скверы ля фантана і на плошчы Леніна размясцілася арыгінальная выстава работ народных майстроў з сельскіх Дамоў культуры, майстар-клас паказвалі выклад-чыкі і выхаванцы студыі «Апалон». Традыцыйны ў гэты дзень і конкурс дзіцячага малюнка на асфальце «Мой дом, мая Радзіма».
Нямала гледачоў было на тэатралізаваным прадстаўленні рыцарскіх баёў клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, што ладзілася на стадыёне «Колас». Дарэчы, там жа праходзіў раённы турнір па розных відах спорту сярод вучняў школ і працоўнай моладзі.
З раніцы і да позняй ночы ў месцах масавага святкавання працавалі гандлёвыя рады і атракцыёны.
А вечарам гараджане і госці райцэнтра зноў сустрэліся на плошчы Леніна на танцавальна-забаўляльнай праграме.
Разам з усёй краінай ляхавічане спявалі «Мы беларусы – мірныя людзі…». Гэтыя некалькі хвілін сталі яшчэ аднымі ў чарадзе ўразлівых і хвалюючых.
А пасля над горадам зорнае неба расквеціў шыкоўны святочны салют.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА,
Маргарыты КУХТА. БОЛЬШ ФОТА ТУТ