Эмацыянальная дзесяцідзёнка. Ляхавічане дзеляцца ўражаннямі ад мультыспартыўнай падзеі

Гэтыя дзесяць незабыўных дзён Еўрагульняў у Мінску праляцелі як адно імгненне. Ляхавічане на спаборніцтвах кантынентальнага маштабу пабывалі і ў якасці балельшчыкаў, і як валанцёры, і нават як прадстаўнікі нацыянальнай зборнай. А сёння нашы землякі дзеляцца ўражаннямі ад мультыспартыўнай падзеі.

Віктар БОГУШ, трэнер-выкладчык Ляхавіцкай СДЮШАР:
– Зразумела, у мяне быў асаблівы інтарэс да Еўрагульняў: у склад зборнай каманды Беларусі па дзюдо ўвайшоў мой былы вучань. Шчыра сказаць, нават не сумняваўся, што Улад Цярпіцкі атрымае права ўдзельнічаць у Гульнях. Для сённяшніх выхаванцаў нашай СДЮШАР ён прыклад таго, як можна быць паспяховым і ў вучобе, і ў спорце.
Калі Улад выйшаў на татамі, бязмерна ганарыўся, што некалі стаў трэнерам перспектыўнага пяцікласніка. І, канешне, быў шчаслівы паціснуць яму руку за прыгожую барацьбу. Хваляваўся, сачыў за кожным яго рухам, балеў, падказваў – на татамі выступаў наш чэмпіён.

Валерый БІЗА, вадзіцель райсельгасхарчу:
– Еўрагульні – падзея не з разраду штодзённых. Таму палічыў за абавязковае пабываць там, адчуць гэту атмасферу. З сынам ездзілі на спаборніцтвы па боксе. За гэтым відам спорту заўсёды сачылі па тэлевізары, а на Еўрагульнях атрымалі магчымасць асабіста падтрымаць сваіх баксёраў, паглядзець на схваткі мацнейшых спартсменаў Еўропы. Скажу, што балельшчыкі таксама пакідаюць шмат сіл на арэнах. А вось атрымаць зарад бадзёрасці можна было на мегакласных фанзонах – для балельшчыкаў арганізавалі і «смачную», і забаўляльную праграмы.

Дзіяна ЦІМАШОК, сацыяльны педагог ЛДАКа:
– Штодня сачыла за спартыўнымі поспехамі нашых атлетаў на Еўрагульнях і па тэлевізары, і ў навінных стужках сацсетак. Эмоцыі перапаўняюць, калі на п’едэстале – беларускія чэмпіёны.
Лічу, калі тваёй краіне выпаў гонар прымаць спаборніцтвы такога ўзроўню, варта абавязкова адчуць сябе часцінкай гэтай падзеі і пабываць у яе цэнтры.
Калі ты на трыбунах побач з іншымі балельшчыкамі, зусім па-іншаму ўспрыма-юцца турніры, забегі, схваткі. Разам з бээрэсэмаўцамі мы ездзілі на спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. Было супер! Праўда, з надвор’ем нам не пашанцавала – дажджыла, аднак гэта не стала перашкодай для спартсменаў. А мы стараліся іх падтрымліваць яшчэ гучней!

Ілья ПІЛІНОГА, студэнт Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта:
– Еўрагульні – гэта як кодавае слова неверагодна крутой, захапляючай атмасферы. Ты на арэне, на месцы, дзе, без перабольшання, ствараецца гісторыя еўрапейскага спорту. Побач праходзяць славутыя спартсмены. Не перадаць словамі свае эмоцыі, калі на татамі запрашаюцца дзеючыя чэмпіёны кантынента, разумееш, што назіраеш за выступленнямі лепшых.
Калі даведаўся, што мой сябар дзяцінства, чалавек, з якім неаднойчы стаялі на татамі ў Ляхавіцкай СДЮШАР, выступае ў складзе беларускай зборнай па дзюдо, прыехаў падтрымаць яго. Улад Цярпіцкі паказаў дастойную барацьбу. І як прыемна было пасля ўсіх спартыўна-напружаных момантаў пагаварыць з сябрам-земляком.

Гутарыла Маргарыта КУХТА.