На камісію запрашаюцца. Рэалізацыя патрабаванняў Дэкрэта №3 разглядалася на дванаццатай сесіі Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў

Рэалізацыя патрабаванняў Дэкрэта №3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» – адно з пытанняў, што разглядалася на дванаццатай сесіі раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання. Важна дасканала разабрацца ў кожнай сітуацыі непрацаўладкаванасці, такое меркаванне выказаў на сесіі кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Леанід Калбаса, які ўзначальвае пастаянную камісію па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Калі чалавек некалькі гадоў не працуе і не імкнецца працаўладкавацца – адна сітуацыя. І зусім іншая, калі не атрымліваецца знайсці работу з-за праблем са здароўем, неабходнасці даглядаць за хворым сваяком, альбо чалавек вядзе падсобную гаспадарку (вырошчвае агародніну, трымае свойскую жывёлу). «Трэба ўваходзіць у становішча кожнага, ніхто не застрахаваны ад цяжкай жыццёвай сітуацыі», – зазначыў Леанід Калбаса.

Індывідуальны падыход  і база даных

Старшыня райсавета дэпутатаў нагадаў, што за год існавання камісіі па садзейнічанні заня-тасці праведзена 36 пасяджэнняў (сёлета ўжо 16, з іх 6 выязных – у Конькаўскім, Востраўскім, Крывошынскім, Ганча-роўскім, Навасёлкаўскім і Начаўскім сельвыканкамах). Для аказання садзейнічання ў працаўладкаванні на іх былі запрошаны 454 землякі, яшчэ 165 звярнуліся сюды самастойна (у тым ліку для атрымання кансультацый). На пастаянную работу па накіраванні камісіі прыняты 22 землякі, адзін праходзіць прафнавучанне. Выніковымі аказаліся сем кірмашоў вакансій, а таксама дні прадпрыемстваў (іх праведзена 13).
У базе даных за першы квартал гэтага года знаходзіцца 892 жыхары раёна, якія маюць статус «не заняты ў эканоміцы». Камісія прымае рашэнні па кожным канкрэтным чалавеку. 30 жыхароў раёна трапілі ў разрад плацельшчыкаў жыллёва-камунальных паслуг па поўным кошце: з 1 студзеня гэтага года яны павінны аплачваць гарачае водазабеспячэнне па сабекошце. Калі сітуацыя не зменіцца, а іх статус застанецца такім жа, то з лістапада 2019 года яны па поўным кошце павінны будуць разлічвацца за цяпло, а таксама за газазабеспячэнне (пры наяўнасці ў іх дамах ці кватэрах індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў).
Як адзначана ў рашэнні сесіі, пастаянна дзеючая камісія прадоўжыць работу па аказанні кансультацыйнай, метадычнай і прававой дапамогі грамадзянам па пытаннях працаўладкавання і самазанятасці. Акрамя таго, будзе і далей каардынаваць прафілактычныя мерапрыемствы ў адносінах грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.
Асаблівая ўвага і індывідуальны падыход – да вырашэння пытанняў занятасці грамадзян, якія на роўных не могуць канкурыраваць на рынку працы. Дарэчы, у студзені-маі чацвёра такіх землякоў працаўладкаваны на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна.

Работу шукаюць, вакансіі чакаюць

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень праінфармавала, што ўзровень афіцыйна зарэгістраванага беспра-цоўя ў Ляхавіцкім раёне складае 0,4 працэнта і адпавядае сярэднеабласному. На ўліку ў якасці беспрацоўных на 1 чэрвеня – 38 землякоў (на 42 працэнты менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года), 25 з іх вяскоўцы.
А вось вакансій у нашым раёне куды больш, чым прэтэндэнтаў на іх. Сёлета на 1 чэрвеня наймальнікі заявілі аб наяўнасці 339 свабодных рабочых месцаў (летась на гэту дату было 189 прапаноў). Адчувальны недахоп работнікаў у будаўніцтве, дзе вакантная 61 пасада, у гандлі і грамадскім харчаванні гатовы прыняць 34 работнікі, установах аховы здароўя – 35.
Палепшыць сітуацыю на рынку працы заклікана стварэнне новых працоўных месцаў за кошт адкрыцця новых вытворчасцей і прадпрыемстваў. Сёлета за пяць месяцаў менавіта гэта дапамагло працаўладкавацца 28 жыхарам раёна – у камунгасе, ААТ «Жарабковічы», ЗТАА «БелДан», у сферы гандлю.
Дзіяна Трысцень падкрэсліла, што ў раёне ў поўным аб’ёме забяспечана сацыяльная падтрымка беспрацоўных. Акрамя іншага, два жыха-ры сельскай мясцовасці ў красавіку атрымалі субсідыі для арганізацыі прадпрымальніцкай, рамесніцкай дзейнасці, а таксама дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму – па 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму.
Па выніках першага паўгоддзя Ляхавіцкі раён не адносіцца да тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы.

Галіна КАНЬКО.