Актыўныя сустрэчы. Напрыканцы чэрвеня ў гарадскім Доме культуры старшыня раённага Савета дэпутатаў сустрэўся з жыхарамі Ляхавічаў

Напрыканцы чэрвеня ў гарадскім Доме культуры  старшыня раённага  Савета дэпутатаў Леанід Калбаса сустрэўся  з жыхарамі горада

Такі фармат работы з насельніцтвам, упэўнены кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна, дазваляе заўсёды заставацца ў курсе падзей, ведаць, што хвалюе землякоў, адрасна вырашаць праблемы. Чарговая сустрэча паказала, што ляхавічанам даспадобы такая «зваротная сувязь». Яны актыўнічалі падчас сустрэчы: абмяркоўвалі, дзяліліся сваім бачаннем і прапаноўвалі вырашэнне многіх праблем.
Леанід Калбаса закрануў шмат тэм, якія датычаць жыццядзейнасці горада і раёна. Зрабіць райцэнтр прыцягальным для моладзі – адна з задач, якую неабходна настойліва і эфектыўна вырашаць, каб забяспечыць Ляхавіччыну перспектыўнымі кадрамі.
Асаблівая ўвага пытанням працаўладкавання, стану некаторых вуліц райцэнтра. Ішла размова пра перспектыву з’яўлення ў Ляхавічах басейна і пра стварэнне безбар’ернага асяроддзя. У прыватнасці, ляхавічанка Ганна Шапель узняла пытанне ўстаноўкі пандусаў у доме па вуліцы Кальцавой. З-за праблем са здароўем жанчыне складана пераадольваць прыступкі, таму і прасіла зрабіць у пад’ездзе такую зручнасць. Зараз вывучаюцца магчымасці.
Яшчэ адна надзвычай папулярная тэма – стварэнне тэлефоннага даведніка раёна. Начальнік Ляхавіцкага вузла электрасувязі Анатолій Лукашэвіч патлумачыў: даведнік пакуль выпускаць немэтазгодна, многія тэлефонныя нумары ў бліжэйшы час будуць мяняцца.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў адказаў на хвалюючыя пытанні ляхавічан, вырашэнне многіх узяў на кантроль. 
Маргарыта КУХТА.