Па ўраджайнасці другога хлеба «Тальмінавічы» на другім месцы ў Ляхавіцкім раёне

Наконт сопкасці (лёгка разварваецца, рассыпістая) тальмінавіцкай бульбы сцвярджаць катэгарычна не бяромся. Варыць не спрабавалі, не абмяркоўвалася гэта яе ўласцівасць ні са спецыялістамі гаспадаркі, ні з тымі, хто на падставе асабістага вопыту можа ўнесці ў пытанне яснасць. А вось адносна россыпу — ніякага перабольшвання. Сустракаюцца, канешне, і веліканы, але ў сваёй абсалютнай большасці клубні не надта буйных памераў, аднолькава роўныя, чыстыя, без нейкіх там механічных ці іншага паходжання пашкоджанняў. Барозны літаральна ўсыпаны ўраджаем, з адлегласці здаюцца суцэльнымі жаўтаватага колеру стужкамі. Адпаведны і ўраджай: на дзень нашага наведвання палетка тальмінавіцкі бульбяны гектар «сыпаў» амаль 310 цэнтнераў.
«Год добры, — разважае старшыня гаспадаркі Аркадзій Сакун. — Але і мы — спецыялісты, работнікі гаспадаркі — зрабілі для ўраджаю максімум магчымага. З завяршэннем рэканструкцыі ферм пад тэхналогію бяспрывязнога ўтрымання з’явілася магчымасць нарыхтоўкі паўнацэнных і ў значнай колькасці арганічных угнаенняў. Сёлета ўнеслі іх дастаткова ў тым ліку і пад бульбу. Своечасова правялі пасадку, выканалі комплекс ахоўных мерапрыемстваў. Супраць фітафтарозу і іншае».

Аркадзій Сакун задаволены і ўраджаем бульбы, і працай юных памочнікаў.

Кіраўнік СВК «Тальмінавічы» вельмі задаволены работай юных памочнікаў сельгаскааператыва — вучняў Тальмінавіцкай, Мядзведзіцкай і Ляхавіцкай №2 сярэдніх школ, якія заняты на ўборцы. Выказвае падзяку ім, кіраўніцтву навучальных устаноў і аддзела адукацыі райвыканкама. «Як ніколі, аднесліся з разуменнем», — гаворыць старшыня. Але падзяка — гэта толькі прыемны фон: за сваю працу частка сабранага школьнікамі ўраджаю трапіць напрасткі на іх жа стол, стане прыемным дапаўненнем, апетытным гарнірам, разнастаіць на працягу года меню хлопчыкаў і дзяўчынак, зробіць яго больш танным.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Па ўраджайнасці другога хлеба «Тальмінавічы» на другім месцы ў Ляхавіцкім раёне

  • 03/10/2012 в 19:04
    Permalink

    Старые кадры не подводят!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *