Дыпломная цырымонія. Паўсотні выпускнікоў развіталіся з ЛДАКам

Выпускнікі 42 «З» групы з куратарам Вольгай Сакун.

Яшчэ ўчора яны былі навучэнцамі Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, а сёння – маладыя спецыялісты. 26 заатэхнікаў
і 25 аграномаў у апошнюю пятніцу чэрвеня атрымалі дыпломы БарДУ аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
На ўрачыстым вечары юнакі і дзяўчаты шчыра дзякавалі любімым выкладчыкам, не шкадавалі цёплых слоў у адрас педагагічнага калектыву бацькі выпускнікоў.

Кандыдат тэхнічных навук загадчык кафедры тэхнічнага забеспячэння сельскагаспадарчых працэсаў і агранаміі БарДУ Андрэй Гаўрыленя з прывітальным словам ад кіраўніцтва ўніверсітэта звярнуўся да прысутных і ўручыў дыпломы з адзнакай чатыром выпускнікам каледжа: Ганне Ківачук, Генадзію Андрэйчыку, Аляксею Ільюкевічу і Дзмітрыю Мінкевічу. Апошні, дарэчы, з аграгарадка Падлессе нашага раёна.
Граматамі ўзнагароджаны і ўдзельнікі рэспубліканскага конкурсу «Аграмайстэрства-2019». Чацвёртакурснікі традыцыйна паспяхова прэзентуюць там уменні і веды. Сёлета ў каляджан-аграномаў у сваёй намінацыі другое месца. Намеснік дырэктара Ірына Прыступа-Юнік
уручыла адзнакі рэспубліканскага іспыту ў намінацыі «агранамія» Яўгенію Есьману (у яго другое месца і ва ўласным заліку), Дзмітрыю Мінкевічу, Аляксандру Арцюху. У намінацыі «заатэхнія» граматамі ўзнагароджаны Ганна Ківачук, Аляксандр Мурашкевіч і Аляксей Ільюкевіч.

Усе выпускнікі ЛДАКа забяспечаны працоўнымі месцамі, 80 працэнтаў з іх будуць працаваць у сельгаспрадпрыемствах Брэсцкай вобласці, у тым ліку і ў Ляхавіцкім раёне.
Выпускнікоў сардэчна віншавалі, выказвалі пажаданні выкладчыкі і бацькі. Юнакі і дзяўчаты з натхненнем спявалі, танцавалі. Удзельнікі маладзёжнага клуба «Юнацтва» на развітанне падрыхтавалі творчыя нумары, а 41 група «агра» падарыла відэаролік пра каляджанскае жыццё. Свята атрымалася прыгожым, душэўным і вельмі шчымлівым.
Многія прадоўжаць навучанне ў вышэйшых навучальных установах, у тым ліку ў БарДУ, які нядаўна адзначыў сваё 15-годдзе.
А ў каледжы з 20 ліпеня стартуе ўступная кампанія.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. БОЛЬШ ФОТА ТУТ