99 са ста! Вынік на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове выпускніцы Жарабковіцкай СШ

З магчымай сотні 99 балаў – вынік на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове выпускніцы Жарабковіцкай СШ Дар’і Каляда. А ў дадатак – 91 бал па біялогіі. І гэта не шчаслівы выпадак, а вынік пастаяннай напружанай працы.
Даша не з тых, хто верыць, што поспеху можна дабіцца з дапамогай чароўнай палачкі. Бацькі яшчэ ў дзяцінстве растлумачылі: каб дасягнуць мэты, трэба папрацаваць. І яна ўрок засвоіла. Усе школьныя гады старалася не проста вучыць, а старанна разбіралася ў праграмным матэрыяле. Мама – настаўніца пачатковых класаў – пры неабходнасці дапамагала, падтрымлівала і натхняла.
Школьніца паспяхова ўдзельнічала не толькі ў раённых іспытах, але і ў абласных, і ў рэспубліканскіх (біёлага-экалагічныя конкурсы, навукова-практычныя канферэнцыі і г.д.). Калі атрымала прэмію спецфонда Прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, Дашай ганарылася не толькі школа – увесь аграгарадок.
Да ЦТ рыхтавалася з уласцівай ёй сур’ёзнасцю. Расказвае, што выхадныя і канікулы былі толькі ў тэорыі – заняткі займалі ўвесь час.
На пытанне, што было стымулам, адказвае:
– Разумела, што гэта патрэбна мне, а не камусьці іншаму. Мая мара – стаць урачом. Вось і крочу да яе. Канешне, вельмі ўдзячна маім настаўнікам – яны, можна сказаць, у нас, сваіх вучняў, укладвалі душу. Дапамаглі і заняткі з рэпетытарам, – адзначае выпускніца.
Гэтыя пункты, безумоўна памножаны на асабістую настойлівасць і захопленасць. Днямі Даша атрымала SMS-ку, якую чакала з хваляваннем: вынік ЦТ па хіміі – 85 балаў.
Няхай мары становяцца рэальнасцю, і жаданы студэнцкі білет апынецца ў кішэні нашай таленавітай зямлячкі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.