Насенны марафон.У Ляхавіцкім раёне прайшоў семінар-практыкум для аграрыяў

Нядаўна ў нашым раёне пры ўдзеле ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, замежнай фірмы-вытворцы насення, СВК «Ляхавіцкі» прайшоў семінар-практыкум для аграрыяў. Кіраўнікоў і галоўных аграномаў ААТ «Жарабковічы», ДП «Нача», ЗАТ «Белпрампрыбор» і СВК «Ляхавіцкі» запрасілі паглядзець-паслухаць-вызначыцца, як праяўляюць сябе на нашых палетках розныя гібрыды насення кукурузы. Дакладней, чатыры гібрыды, пасеяныя для чысціні эксперыменту адзін ля аднаго, у аднолькавы час, адным пасяўным агрэгатам. Для параўнання тут жа вырастае «абарыгенны» сорт кукурузы, што пэўны час ужо культывуецца.
Прадстаўнік фірмы – пастаўшчыка насення, а таксама галоўны аграном СВК «Ляхавіцкі» Аляксандр Шымкевіч, які ажыццяўляў непасрэднае кіраўніцтва па закладцы эксперыментальных гектараў поля, расказалі пра асаблівасці вырошчвання кожнага з сартоў-гібрыдаў, адметнасці і перавагі аднаго над другім.
Некаторыя высновы, як прагучала падчас палявога выхаду, спецыялісты-аграрыі гатовы зрабіць ужо зараз. Але, канешне, кропкі на «і» расставіць восень. Уборка прадэманструе, які сорт ці гібрыд акажацца больш ураджайным на зялёную масу і зерне. Зусім немалаважную ролю адыгрывае і цанавы фактар: наколькі рэальна «адбіць» сабраным ураджаем укладзеныя ў насенне дадатковыя сродкі.
Зыходзячы з акалічнасці, што маршрут семінару дабраўся да адной з гаспадарак Мінскай вобласці, можна гаварыць пра яго міжраённы фармат. Ацанілі пасевы той жа кукурузы, азімай пшаніцы, паслухалі інфармацыю галоўнага агранома тамашняга сельгаспрадпрыемства.
Іван КАВАЛЕНКА.