Главным для ТБЗ «Ляховичский» является свой потребитель, хотя и экспортные поставки растут

Калі ваша жыллё «пасаджана» на трубу цэнтральнага ацяплення, падрыхтоўка да халадоў можа абмежавацца клопатам пра мінімізацыю страт цяпла. Каб пададзеныя ў кватэру гігакалорыі не грэлі вуліцу, ўсяго і трэба, што ўшчыльніць-заканапаціць вокны-дзверы, абавязаць сябе быць заўсёды і ўсюды рацыянальным цеплакарыстальнікам. А калі ты сам сабе ЖКГ, думаць пра варыянты арганізацыі цеплавога камфорту сваіх пакояў у сцюдзёную зімовую пару варта было яшчэ ўчора. Правесці «прафілактыку» пячнога (найчасцей) ці кацельнага абсталявання, абзавесціся запасамі паліва.
Каб набыць паліва, можна звярнуцца ў Ляхавіцкі райпалівазбыт. Усе, хто ў адпаведнасці са спісамі, складзенымі сельвыканкамамі, мае ў тым патрэбу, вызначаную норму дроў і (ці) тарфяных брыкетаў атрымлівае па льготнай цане. Кампенсацыя розніцы адбываецца за кошт бюджэтных адлічэнняў. Іншы бонус — дровы дастаўляюцца ўжо гатовымі для выкарыстання, парэзаныя і паколатыя. Як адзначыў дырэктар райпалівазбыту Уладзімір Секач, дровы насельніцтва разбірае актыўна. Існуе нават чарга: час звароту ў палівазбыт і момант дастаўкі можа раздзяляць і месяц. Жадаючых набыць дровы становіцца ўсё больш.
Але, працягвае дырэктар, праўда і тое, што райпалівазбыт працуе не на поўную загрузку. Вытворчыя магутнасці прадпрыемства дазваляюць падрыхтаваць-папілаваць-пакалоць да 28 складаметраў ці 4 машыны дроў. На працягу месяца ў такім выпадку было б магчымым забяспечыць палівам не менш як 80 домаўладанняў. Калі б не недахоп работнікаў, што не дазваляе арганізаваць працэс адпаведна вытворчаму патэнцыялу прадпрыемства.
А вось з выбаркай тарфяных брыкетаў усё наадварот: рабіць зімовыя запасы людзі не спяшаюцца. Прычыны называюцца розныя. Маўляў, многія пажылыя вяскоўцы праводзяць халодную пару года ў гарадскіх кватэрах дзяцей. Асабліва тыя з іх, хто пражывае адзінока.
Але нельга не звярнуць увагі на так званы чалавечы фактар: многія з нас — не сакрэт — маюць звычку ўсё адкладваць «на пасля». У тым ліку і клапаціцца пра запасы паліва. Пра гэта сведчаць і факты апошніх гадоў. Але сведчаць яны і пра іншае — пра тое, што ў любой справе адклад рэдка ідзе на лад. Могуць узнікнуць чэргі, не выключаецца верагоднасць сустрэць халады з пустымі паліўнымі засекамі.
У тым ліку і ў сувязі з невыкананнем райпалівазбытамі сваіх абавязкаў перад прадпрыемствам, цяжкасці са збытам сваёй прадукцыі адчувае торфабрыкетны завод «Ляхавіцкі». «Збыт буксуе», — заўважае намеснік дырэктара завода Уладзімір Гунько. Па яго словах, з 12 райпалівазбытаў Брэсцкай, 9 — Магілёўскай і 2 — Гомельскай абласцей, якія з’яўляюцца пакупнікамі тухавіцкіх брыкетаў, «родны» палівазбыт адносіцца да ліку тых, хто найменш актыўна выконвае свае дагаворныя абавязкі. Напрыклад, у жніўні выбарка склала 59 працэнтаў ад запланаваных аб’ёмаў. «А ў канцы года, як паказвае практыка, попыт можа быць ажыятажным», — гаворыць Уладзімір Гунько. Нерытмічнасць, адступленне ад графіка, канешне, ускладняюць работу прадпрыемства. Даводзіцца праяўляць «пластычнасць», ламаць графік, выходзіць на пазапланавыя рынкі збыту прадукцыі. Сёлета, напрыклад, наш торфабрыкетны адкрыў для сябе Фінляндыю. Стаў першым сярод прадпрыемстваў галіны краіны, хто выйшаў са сваім брыкетам на фінскі рынак.
Па-ранейшаму працуюць і старыя экспартныя схемы. Швецыя, Літва, Польшча не страцілі цікавасці да нашага торфабрыкету. Экспарт выручае: з выпушчаных на гэты час 90 тысяч тон брыкету, 17 тысяч — адпраўлены за межы краіны. Больш таго, адзначае намеснік дырэктара, асноўныя пастаўкі запланаваны на апошні квартал года. І вось тут — не выключана — можа атрымацца накладка, калі павышаны ўнутраны попыт выступіць у якасці антаганіста экспартных паставак. Ці наадварот, што сутнасці не мяняе.
Не толькі замежжа, палівазбытавыя арганізацыі краіны значацца ў шэрагу спажыўцоў прадукцыі завода. Тарфяныя паліўныя брыкеты «Ляхавіцкага» грэюць многа каго і дзе. Сярод іх — Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі, арганізацыі рознага профілю, структуры Міністэрства абароны. Сёлета, прывёў прыклад Уладзімір Гунько, завод выйграў тэндар на права паставак паўтары тысячы тон торфабрыкету пагранічнікам Брэсцкай пагрангрупы.
Ды толькі з усіх іншых варыянтаў прыярытэтам для Ляхавіцкага ТБЗ з’яўляецца свой спажывец. Але ж варта спяшацца, каб не спазніцца.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *