Ляхавіцкі агракаледж- гэта гучыць! /фота/

Дырэктар каледжа, выкладчык дысцыпліны "Кормавытворчасць" Вячаслаў Сельмановіч — кандыдат сельскагаспадарчых навук.

1 верасня ўсіх каляджан, у тым ліку і першакурснікаў, паклікала лінейка, прымеркаваная да Дня ведаў. Падчас першавераснёўскіх урачыстасцей лепшых з лепшых па выніках мінулага навучальнага года віншавалі, узнагароджвалі, прыводзілі ў прыклад іншым. Вызначылі лепшыя акадэмічныя групы. Тры першыя месцы ў канкурэнтнай барацьбе заваявалі прадстаўнікі агранамічнага аддзялення ЛДАКа: 1-ае месца — 32 «А» група (куратар Ларыса Мацейчык), 2-ое — 21 «А» (куратар Таісія Шпак), 3-яе — 42 «А» (куратар Валянціна Кірмель). Тры першыя месцы ў конкурсе на лепшы пакой у інтэрнаце сярод юнакоў таксама занялі навучэнцы гэтага аддзялення.
Увогуле, агранамічнае, дзе цяпер падрыхтоўка спецыялістаў ажыццяўляецца па дзвюх спецыяльнасцях — «агранамія» і «плодаагародніцтва» — мае слаўныя і даўнія традыцыі ў вучобе і пераемнасці пакаленняў, арганізацыі адпачынку. Тут жывуць адной дружнай і вельмі добразычлівай сям’ёй, у якой не дзеляць радасці і праблемы на свае і чужыя.
— Вучым рабят і самі вучымся ў іх. Маю на ўвазе жыццё наогул, паводзіны, светаўспрыманне, — гаворыць загадчыца агранамічнага аддзялення Ірына Чура.
Для яе каледж — сапраўды другі дом. Сама калісьці была тут навучэнкай, як і муж, а потым і сын. Вярнулася ў ЛДАК у якасці выкладчыка і ўжо сёмы год узначальвае аддзяленне.
Наогул, для многіх мясцовых выкладчыкаў і лабарантаў шлях у прафесію пачынаўся тут. Сёння з гонарам гавораць «Я вучыўся ў Ляхавіцкім саўгасе-тэхнікуме (ці сельскагаспадарчым тэхнікуме, агракаледжы)” Казімір Траяноўскі, Наталля Яварчук, Святлана Вайцяхоўская, Таццяна Ляшкевіч, Эма Ксёнжык, Алена Дзямід, Рыгор Войцік, Яўгеній Біза, Сяргей Тарлюк, Людміла Малашчук, Наталля Станкевіч.
— Тут кожны свой, блізкі па духу. Нават знаходзячыся ў дэкрэтным водпуску, неаднойчы лавіла сябе на думцы, што вельмі сумую па рабоце, па сваіх няўрымслівых і неспакойных студэнтах і, канешне, па калегах — Ірына Чура не хавае эмоцый.
22 чалавекі ўваходзяць у педагагічны савет аддзялення — гэта і куратары груп, і выкладчыкі спецыяльных дысцыплін. На пасяджэннях абмяркоўваецца вучэбны працэс, вядзецца метадычная работа. Выкладчыкі пастаянна павышаюць свой прафесійны ўзровень, каб адпавядаць патрабаванням часу, паспяхова выконваць пастаўленыя перад сярэдняй спецыяльнай адукацыяй задачы. Да таго ж, педагогі займаюцца даследчай работай. Яны працуюць над паляпшэннем культуры земляробства, павышэннем урадлівасці глебы, рацыянальным прымяненнем удабрэнняў, рэгулятараў росту, укараненнем інтэнсіўных тэхналогій вырошчвання раслін, павышэннем якасці прадукцыі.

Будучыя аграномы і плодаагароднікі займаюцца вучэбна-доследнай работай.

Вопыты і даследаванні папулярныя і сярод навучэнцаў. Вынікам сумеснай зацікаўленай дзейнасці з’яўляюцца даследчыя работы, якія становяцца тэмамі традыцыйных у ЛДАКу навукова-практычных канферэнцый.
Рабяты разам з выкладчыкам Таццянай Прыхач — пастаянныя ўдзельнікі рэспубліканскага конкурсу акуліроўшчыкаў (акуліроўка — спосаб прышчаплення пладовых раслін). Каманда навучэнцаў агранамічнага аддзялення ЛДАКа атрымала дыплом ІІІ ступені па выніках рэспубліканскай алімпіяды прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасці «Агранамія».
Спецыяльнасці «агранамія» і «плодаагародніцтва» ў 10 групах атрымліваюць 233 чалавекі. Акрамя асноўнай, рабяты набываюць і дадатковую рабочую прафесію: аграномы — трактарыста-машыніста катэгорыі «А», плодаагароднікі — работніка сада і агародніка.
Сёлета з каледжам развіталіся 150 маладых спецыялістаў, 17 атрымалі дыпломы з адзнакай, 8 з «чырвонадыпломнікаў» — новаспечаныя аграномы.
Абсалютная большасць выпускнікоў агранамічнага аддзялення, як адзначылі ў ЛДАКу, не спыняецца на атрыманні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а працягвае вучобу на дзённым ці завочным аддзяленнях ВНУ.
Рабятам ёсць на каго раўняцца. Дырэктар каледжа, выкладчык дысцыпліны «Кормавытворчасць» Вячаслаў Сельмановіч — кандыдат сельскагаспадарчых навук. А загадчыца лабараторыі «Селекцыя і насенняводства» Яўгенія Рытвінская паспяхова закончыла аспірантуру Інстытута эксперыментальнай батанікі і рыхтуецца да абароны кандыдацкай. Ды і іншыя педагогі — выдатныя спецыялісты.

Выкладчыкі Яўгеній Біза і Таццяна Прыхач разам з навучэнцамі ў вучэбным садзе і плодагадавальніку.

Ад агранамічнай кампетэнтнасці, адказнасці, любві да зямлі пачынаюцца багатыя ўраджаі. А без ведаў прафесіяналам не станеш. Лепшыя вынікі ў вучобе паказваюць выдатнікі Кацярына Качанава з 43 «П» групы, Аліна Саванец, Аляксандр Куратнік і Юрый Яраховіч (42 «А»), Сяргей Сергіеня, Ірына Тамашкевіч, Дзіна Хмель (41 «А»).
— Не толькі ў вучобе вызначаюцца будучыя аграномы і плодаагароднікі. Сярод іх нямала актывістаў студэнцкага жыцця, спартсменаў, удзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Аляксандр Куратнік — вельмі працавіты юнак, летам ён адмыслова спраўляецца з камбайнам і з трактарам. Дзіна Хмель — спартсменка, актывістка. Наш выпускнік, а цяпер студэнт БарДУ Андрэй Цямчык паспяхова выступаў у складзе клуба «Юнацтва». Зараз удзельнічае ў народнай эстраднай студыі «Экспрэс». Увогуле, без навучэнцаў і выкладчыкаў аддзялення не абыходзіцца ні адно мерапрыемства, якое ладзіцца ў нас, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце каледжа Мікалай Дабрыянец.
Сёлета ў будаўнічым атрадзе «Флагман» (камандзір Мікалай Панасюк) будучыя аграномы працавалі на рамонце студэнцкіх інтэрнатаў і добраўпарадкаванні тэрыторый. За сваю работу на першавераснёўскай лінейцы рабяты атрымалі каравай.
Выпускнікі агранамічнага аддзялення надзвычай запатрабаваныя, нават падчас тэхналагічнай практыкі па месцы будучай работы. Маладыя спецыялісты-раслінаводы паспяхова прымяняюць атрыманыя тэарэтычныя веды і практычныя навыкі ў аграпрамысловых арганізацыях, дзе працуюць. Прычым, не толькі на Брэстчыне, але і па ўсёй Беларусі. Сведчанне таму — падзячныя пісьмы, якія дасылаюць кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, дзе праходзяць практыку навучэнцы агранамічнага аддзялення. «Папулярныя» яны і ў асяроддзі садаводаў-аматараў. Іх запрашаюць для прафесійнай абрэзкі і прышчаплення пладовых дрэў і кустарнікаў. Дарэчы, уся неабходная база для практычных работ ёсць непасрэдна ў ЛДАКу.

Практыка на вучэбным полі.

— Шматлікія лабараторыі, вучэбныя цяпліцы, дзе вырошчваюцца розныя віды агародніны, сад, пладовы гадавальнік, вопытныя палі, а таксама мехдвор — усё для таго, каб рабяты практыкаваліся, — расказвае загадчыца аддзялення.
— Лабараторыі аснашчаны патрэбнай тэхнікай, неабходным абсталяваннем і сучаснымі прыборамі. Тут рабяты пад кіраўніцтвам педагогаў — высакакласных прафесіяналаў, эксперыментатараў і наватараў — вучацца любіць і берагчы зямлю, атрымліваць высокія ўраджаі, укараняць у жыццё тэхнічныя і тэхналагічныя навінкі, — гаворыць дырэктар установы Вячаслаў Сельмановіч.
І ў гэтым накірунку Ляхавіцкі агракаледж выйшаў на міжнародны ўзровень. Мінулым летам на базе ўстановы праходзілі практыку 2 юнакі з турэцкага ўніверсітэта. А крыху раней паміж ЛДАКам і сельскагаспадарчым факультэтам універсітэта горада Кому (Турцыя) быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве ў сферы абмену выкладчыкамі для стажыроўкі, правядзенні сумесных навуковых даследаванняў і праходжанні азнаямляльнай практыкі студэнтаў турэцкага ўніверсітэта і навучэнцаў ЛДАКа адпаведна ў Ляхавічах і Кому. Практыка замежных студэнтаў была першым крокам у выкананні дагавора.
У Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы створаны ўсе ўмовы, каб навучэнец не «згубіўся». Тут няма ўседазволенасці, але ў той жа час не абмяжоўваецца свабода і выбар маладых. А маладыя ўсё часцей выбіраюць важную прафесію — вырошчваць хлеб.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *