І на алей хопіць. Начаўскія рапсавыя гектары аддзячылі земляробам высокім ураджаем


Галоўныаграном ДП «Нача» Леанід Ксёнжык, аграном-хімік Ігар Карпей
(у цэнтры) з экіпажамі камбайнераў.

І на рапсавых палетках загула ўборачная тэхніка. Дэбютавала на іх у нашым раёне ЗАТ «Белпрампрыбор», а ў мінулую суботу на алейныя гектары выйшлі камбайнеры ДП «Нача».
Пакуль усе сілы накіравалі на плошчы, якія пацярпелі ад непагадзі. Пашкоджаныя градам 42 рапсавыя гектары начаўскія механізатары ўбралі за выхадныя. Ураджайнасць сціплая ў параўнанні з чаканай. А вось са «здаровага» кліна збіраюць больш за 30 цэнтнераў алейнага насення з гектара (пры сярэднеабласным паказчыку 21,5 цэнтнера з гектара).

Вадзіцель Уладзімір Падгурскі.

Дарэчы, рапсавая частка гаспадаркі сёлета склала 250 гектараў. І калі свой дазвол на выхад у поле адобрыць надвор’е, значыць бліжэйшыя дні стануць у ДП «Нача» шчодрымі на гэтую культуру. Рапсавыя порцыі праходзяць тэст на вільготнасць і трапляюць у сушылку, дзе зыходныя 15-16 працэнтаў ператвараюцца ў стандартныя 6-8.
Частка ўраджаю адправіцца ў лік дзяржзаказу, іншая – для перапрацоўкі на алейны заводзік у «Жарабковічах».
Уборачны расклад пачынаецца з тэхнічнага моманту. У поле павінны выйсці толькі спраўныя, падрыхтаваныя камбайны. Экіпажы ў складзе Віталія Васюкевіча і Аляксандра Ясінскага, Рамана Голі і Уладзіміра Гомзы да гэтага моманту рыхтуюцца скрупулёзна і адказна: лішнія пяць хвілін у мехмайстэрні аддзячаць потым плённай працай у полі.
– Настрой у нашых камбайнераў – пазітыўна-спартыўны. Сабраць доб-ры ўраджай і з кожнага гектара «выціснуць» максімальны вынік. Яны ў гэтых справах – профі. Да таго ж, што не менш важна, сапраўды любяць тое, на чым працуюць, – і тэхніку, і зямлю, – гаворыць галоўны аграном «Начы» Леанід Ксёнжык.
Усяго ў раёне пад рапс сёлета адведзена 2320 гектараў. Культура спее ці ўжо у працэсе ўборкі ў шасці гаспадарках, акрамя названых, рапсавае жніво ідзе ў ААТ «Шлях новы», СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Жарабковічы», райаграсэрвісе.

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.БОЛЬШ ФОТА ТУТ