Квітнеючы сімвал памяці. Да рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага» напярэдадні Дня Рэспублікі і 75-годдзя вызвалення Беларусі далучыліся члены раённай арганізацыі «Белая Русь»

«Радзіма помніць сваіх герояў. Воіны Савецкай Арміі, якія загінулі смерцю храбрых пры вызваленні в. Падлессе Ляхавіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» – такі надпіс высечаны ў Падлессі на помніку, устаноўленым у 1957 годзе. Як жа ён сугучны рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага», да якой напярэдадні Дня Рэспублікі і 75-годдзя вызвалення Беларусі далучыліся члены раённай арганізацыі «Белая Русь».

Да скульптурнай кампазіцыі воіна-вызваліцеля нясуць кветкі школьнікі, маладыя на вяселлі, удзячныя землякі. Сярод прозвішчаў, выбітых у трох вялікіх слупках на чорнай пліце, сустракаюцца не толькі беларускія – за Радзіму змагаліся прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў. Загінулыя пры вызваленні Падлесся і бліжэйшых вёсак знайшлі апошні прытулак у брацкай магіле. На жаль, невядомымі дасёння застаюцца прозвішчы 48 герояў са 139 пахаваных тут. Члены «Белай Русі» – спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – усклалі кветкі ля помніка, ушанавалі памяць воінаў мінутай маўчання.
Далей эстафета памяці спынілася паблізу Альхоўцаў – каля помніка, дзе 6 ліпеня 1941 года фашысты расстралялі мірных жыхароў – Іванаў і іх аднавяскоўцаў.
На доўгім маршруце памяці кожны кароткі прыпынак – з глыбокай удзячнасцю тым, хто аддаў сваё жыццё за мір і незалежнасць.
– Вялікая Айчынная вайна закранула практычна кожную беларускую сям’ю. Пажаўцелыя трохвугольнікі, франтавыя фотаздымкі, медалі нашчадкі захоўваюць як найвялікшую рэліквію. Гэта народная памяць, якая не падлягае забыццю, – адзначыў старшыня раённай арганізацыі «Белая Русь» Леанід Калбаса, які разам з землякамі аддаў даніну памяці воінам-вызваліцелям.
Старшыня маладзёжнага парламента Яўгеній Сініла, першы сакратар райкама БРСМ Марыя Лутавінава разам са старшакласнікамі СШ №1 усклалі кветкі да брацкай магілы ў райцэнтры. У кожнага з іх, унукаў і праўнукаў пераможцаў, ёсць свая гісторыя, пачутая ад дзедаў і прадзедаў, прапушчаная праз сэрца і душу.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.