Чыстае наваколле – чыстае сумленне

Кантроль за санітарным станам тэрыторый – адна з важных задач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Каб праверыць, наколькі ашчадна землякі захоўваюць правілы добраўпарадкавання, спецыялісты райЦГіЭ рэгулярна выязджаюць у сельсаветы.
Сёлета прадстаўнікі санслужбы абследавалі 1183 тэрыторыі (з 8093), што прылягаюць да індывідуальных домаўладанняў. Парушэнні выявілі ў кожным дзясятым выпадку.

Дарэчы, патрабаванні, што прад’яўляюцца да добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, занатаваны ў спецыяльных правілах, зацверджаных пастановай Саўміна. І гэта не толькі захаванне парадку і чысцыні, якія павінны ўвайсці ў звычку. Яшчэ – абыходжанне з камунальнымі адходамі, абкошванне. Варта не забываць і пра азеляненне, абрэзку раслін. Між іншым, не ўсе памятаюць: розныя будаўнічыя матэрыялы, дровы ці пясок могуць знаходзіцца на тэрыторыі, што мяжуе з домаўладаннем, не больш чым трое сутак.
Грамадзян, якія гэтыя правілы будуць ігнараваць, чакае штраф у памеры да 25 базавых велічынь (калі парушальнік –  фізічная асоба), для індывідуальнага прадпрымальніка сума штрафу складзе ад 10 да 50 БВ, а для юрыдычнай асобы пакаранне можа дасягнуць і 100 БВ.
Таму лепш загадзя паклапаціцца, каб і ўласны двор, і тэрыторыя, што прылягае, выглядалі акуратна. А значыць не складзіраваць будматэрыялы ў месцах агульнага карыстання, своечасова ўбіраць смецце і падкошваць траву. Што датычыць добраўпарадкавання могілак, то будаўнічыя і раслінныя адходы, непатрэбныя рытуальныя прыналежнасці трэба складзіраваць на спецыяльна прыстасаваных для гэтага пляцоўках.

Данута БАГДАНОВІЧ,
памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ.