Где можно провести с детьми выходной день в Ляховичах

Апошні дзень верасня. Звычайная нядзеля звычайнага тыдня. Надвор’е радуе. Шпацыруючы па вуліцах роднага горада, то тут, то там сустракаеш маладыя сямейныя пары, якія прагульваюцца разам са сваімі сыночкамі і дачушкамі (на шчасце, на Ляхавіччыне дэмаграфічная лесвіца апошнім часам рухаецца ўверх). Гуляюць па парках і скверах, спыняюцца каля фантана (вось вам і эстэтычнае выхаванне), а потым многія спяшаюцца ў кулінарны аддзел магазіна «Верас». Тут народу і ў будныя дні нямала, што ўжо гаварыць пра выхадныя ці святочныя. Прыходзяць сем’ямі, каб паласавацца марожаным, сокам, узбітымі вяршкамі і іншымі салодкімі пачастункамі. На жаль, у горадзе па-ранейшаму «Верас» — адзінае месца такога кшталту для бацькоў-дзяцей, дзе разам можна адпачыць: дарослым — пасядзець за кубкам кавы, абстрагавацца ад праблем і клопатаў, паслухаць прыемную музыку, пакуль дзеці «сумяшчаюць» пламбір з мультыкамі ці  любуюцца рыбкамі ў акварыуме. А яшчэ стопрацэнтная гарантыя, што побач, за суседнім столікам, не ўсядзецца падвыпіўшая кампанія, у размове якой пераважаюць далёка не літаратурныя словы.
— У кафетэрыі даволі ўтульна. Праўда, даводзіцца іншы раз чакаць свабоднага століка. Каб у горадзе было яшчэ хоць адно аналагічнае месца, наведвальнікам было б зручней, — дзеліцца думкамі маладая жанчына, якая прыйшла ў «Верас» разам з сынам і дачкой.
— Нядаўна разам з сяброўкай і нашымі дзецьмі зайшлі ў адно з гарадскіх кафэ. Праз некалькі хвілін туды ж зазірнулі двое не вельмі цвярозых мужчын, узялі спіртное і пайшлі размовы пра жыццё ў поўны голас, дзе праз слова — мат. На гэтым наш адпачынак і скончыўся, — далучылася да размовы яшчэ адна жанчына.
Гораду вельмі патрэбна дзіцячае кафэ. Для гэтых мэт можна было б скарыстаць памяшканне былой кулінарыі — на першым паверсе рэстарана «Ластаўка», іншыя месцы. Але час ідзе, і ўсё застаецца па-ранейшаму. Хаця кіраўніцтва райпо запэўнівае, што плануе адкрыць рэканструяваную кулінарыю са столікамі дзіцячага міні-кафэ.
Чамусьці не займаюць гэту прыбытковую нішу ў галіне грамадскага харчавання і аказанні паслуг і прадпрымальнікі.
Між іншым, гэтае пытанне павінна цікавіць не толькі «харчавікоў». У гарадскім Доме культуры ёсць таксама выдатнае памяшканне, адведзенае пад кафэ. Аднак, пакуль не знайшлося жадаючага наладзіць работу такім чынам, каб яно працавала пастаянна. А зацікавіць інтарэс бацькоў-дзяцей, мяркую, культработнікі дапамаглі б.
Большасць землякоў, з кім гаварыла на гэту тэму, станоўча ацанілі перспектыву адкрыцця ў нашым райцэнтры дзіцячага кафэ.
Без сумнення, надзвычай папулярны і запатрабаваны ў рабят ва ўзросце ад 5 да 16 гадоў цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Цэнтр працуе па графіку штодзённа з 8 да 20 гадзін. Аднак, ёсць адно але: у нядзелю працуюць толькі 2 гурткі. Для выхаднога дня яўна малавата. Магчыма, варта перагледзець расклад?
Нехта скажа: а пра ДЮСШ забыліся? Не, не забыліся. Але і тут секцыі для дзяцей працуюць толькі ў будныя дні. Яшчэ адна тэма для разважанняў і канкрэтных перамен.
…Пад шапаценне лісця гуляюць гараджане, у дварах на арэлях забаўляюцца дзеці, дзень набліжаецца да вечара, выхадныя заканчваюцца. Заўтра бацькам на працу, дзецям — у сады і школы.
Што новага прынясуць наступныя выхадныя — прыемнага для сумеснага адпачынку бацькоў-дзяцей і адначасова прыбытковага для тых службаў, якія могуць і павінны прапаноўваць свой прафесійны сэрвіс?
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *