Цэнтр банкаўскіх паслуг г. Ляхавічы падвёў вынікі конкурсу

Нядаўна падведзены вынікі конкурсу, які на працягу трох месяцаў праводзіўся ў кожным раёне паміж арганізацыямі гандлю і сэрвісу па павелічэнні долі прыросту безнаяўнага абароту з выкарыстаннем банкаўскіх пластыкавых картачак. Яго арганізатарам выступіла ААТ «ААБ Беларусбанк», а ў нашым раёне ролю арганізатара выконваў цэнтр банкаўскіх паслуг г. Ляхавічы. У першую чаргу прыняць удзел у конкурсе былі запрошаны прадпрыемствы гандлю і сферы паслуг, дзе даўно ўстаноўлены плацёжныя тэрміналы і па іх рэгулярна праводзіліся разліковыя аперацыі.
Абсалютным пераможцам, якому прысуджана першае і другое месца ў конкурсе, стаў калектыў гасцініцы Ляхавіцкай ЖКГ. За тры конкурсныя месяцы прырост безнаяўнага абароту з выкарыстаннем банкаўскіх пластыкавых картачак склаў тут 189,4 працэнта. З гэтым дасягненнем пераможцаў павіншавала дырэктар ЦБП № 117 у г. Ляхавічы Вольга Кучэйка. Яна адзначыла, што работнікі і кліенты гэтай арганізацыі мысляць сучаснымі катэгорыямі, таму пластыкавая картачка стала для іх хуткім і зручным сродкам разліку, і ўручыла калектыву каштоўныя падарункі.
Трэцяе месца ў конкурсе і прыемны бонус у выглядзе падарунка — у калектыву магазіна «Масцярок» ПГУП «Дуганаў-Буд».
Аналагічныя мерапрыемствы ў сістэме Беларусбанка плануюцца зноў. Ужо ў кастрычніку стартаваў новы конкурс: яго ўдзельнікі — працаўнікі, якія атрымліваюць зарплату па пластыкавых банкаўскіх картачках. Чым больш актыўна яны будуць выкарыстоўваць іх пры безнаяўных разліках у прадпрыемствах гандлю і паслуг, тым больш шансаў у іх роднага прадпрыемства ці арганізацыі стаць пераможцам у гэтым конкурсе.
Сяргей САКОВІЧ,
начальнік аддзела рознічнага бізнесу
ЦБП № 117 г. Ляхавічы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *