Як прайсці ў лазню. Тэма чысціні, парадку, добраўпарадкавання вытворчых аб’ектаў і тэрыторый была галоўнай у раскладзе чарговай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама

Тэма чысціні, парадку, добраўпарадкавання вытворчых аб’ектаў і тэрыторый была галоўнай у раскладзе чарговай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама.
Пытанне аб ухіленні парушэнняў прыродаахоўнага заканаўства і заканадаўства аб ахове і выкарыстанні зямель на тэрыторыі Навасёлкаўскага сельсавета разглядалася ў парадку кантролю за выкананнем пратакола адной з майскіх апаратных нарад.
Яшчэ адно пытанне датычыла захавання санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства пры аказанні лазневых паслуг.
У раёне працуюць шэсць камунальных лазняў: у вёсках Ганчары, Галаўнінцы і Крывошын, аграгарадках Падлессе і Ліпск, і, канешне ж, гарадская. Праўда, акрамя размешчанай у раённым цэнтры, дзе ў асобныя дні і гадзіны здараецца назіраць нават аншлаг, кожная з астатніх лазняў прыняла лічаныя дзясяткі наведвальнікаў. Адпаведная і выручка. У той час, як затраты на ўтрыманне і абслугоўванне гэтых аб’ектаў гігіены вымяраюцца на парадак больш «гучнымі» сумамі. Да таго ж, праведзены спецыялістамі райЦГіЭ маніторынг на прадмет адпаведнасці лазняў патрабаванням санэпідзаканадаўства выявіў нямала парушэнняў.
Відавочны факт эканамічнай немэтазгоднасці ўтрымання сельскіх аб’ектаў гігіены. З другога боку, ніхто не збіраецца скідваць з рахунку іх сацыяльную значнасць. Як збалансаваць першае і другое без шкоды для насельніцтва? Было агучана некалькі варыянтаў вырашэння гэтага пытання. Абавязковая ўмова: тыя з лазняў, якія працягнуць працаваць і далей, павінны быць абноўлены ў адпаведнасці з санпатрабаваннямі.
Для аматараў пары, якія наведваюць гарадскую лазню, прыемная навіна: яе чакаюць рамонтна-аднаўленчыя работы. Хоць, варта прызнаць, апошнім часам там ужо нямала зроблена.
Іван КАВАЛЕНКА.