Навасёлкаўскі карагод сабраў землякоў у мінулую нядзелю

Свята аграгарадка Навасёлкі – падзея, да якой мясцовыя жыхары рыхтуюцца загадзя. У сёмы дзень ліпеня тут адзначаюць 75-годдзе вызвалення вёскі ад фашысцкіх захопнікаў, а праваслаўныя вернікі – і Ражджаство Іаана Прадцечы, у чый гонар узведзены і мясцовы храм.

Па традыцыі свята пачалося з богаслужэння, далей перамясцілася на імправізаваную пляцоўку каля Навасёлкаўскага аздараўленчага комплексу. Мясцовыя культработнікі і народны клуб аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца” стараліся, каб свята ўдалося. Аграгараджан віталі старшыня сельвыканкама Аляксандр Мацюшэнка і кіраўнік ААТ “Шлях новы” Аляксандр Клімук.
Гісторыю населенага пункта пішуць яго жыхары. Дружнымі апладысментамі ўшаноўвалі старэйшых аграгараджан Аляксандру Царык, Валянціну Баранчык, Аляксандру Гарбатую, Аркадзія Маеўскага. Сёння ў Навасёлках самая маладая сям’я Аляксандра і Анжэлы Камінскіх, а самы маленькі жыхар – сынок Аляксандра і Святланы Курловічаў Кірыл. Шчыра віншавалі Дзмітрыя і Зінаіду Грыцкевічаў, якія разам паўстагоддзя. У намінацыі “сярэбраная пара” апладысменты атрымалі Васілій і Святлана Царыкі.

Пераможцамі конкурсу на лепшы падворак прызнаны Іван і Таццяна Пішчы, другое і трэцяе месца ў Ядвігі Пархоц і Марыі Буцько.
Лепшымі гаспадынямі журы назвалм Яну Баранчык, Валянціну Папко і Леакадзію Домаш. Пашчасціла жыхару аграгарадка Арсенію Курыла – выйграў у латарэю два галоўныя прызы (плед і гадзіннік).
Музычныя нумары, у тым ліку ў выкананні народнай эксперыментальнай вакальнай группы “Берагіня” Дараўскага СДК, выстава-продаж вырабаў майстроў Крывошынскага і Дараўскага СДК, праграма «Летні разгуляй па-навасёлкаўску”, вячэрні феерверк сталі сапраўднымі падарункамі землякам.
Наталля ПРАЖОГА,
дырэктар Навасёлкаўскага СДК.