У Ляхавічах працуе клуб Беларускай асацыяцыі ЮНЕСКА — «Заранка»

Наталля Маслоўская разам з «заранкаўцамі» і выхаванцамі ЦКРНіР.

Энтузіязму нашай зямлячкі Наталлі Маслоўскай, яе неабмежаванай энергіі, ініцыятыўнасці, жаданню паспець усё і адразу можна па-добраму пазайздросціць і парадавацца за яе і тых, хто побач — жыве, працуе, вучыцца. За якую справу ні возьмецца — усё гарыць у руках, атрымліваецца і знаходзіць аднадумцаў. Яна фантануе новымі ідэямі, задумкамі, праектамі. Дзе б і на якіх пасадах ні працавала, заўсёды аб’ядноўвае вакол сябе такіх жа нераўнадушных, ініцыятыўных і апантаных любімай справай людзей. А справа гэта называецца педагогікай.
У СШ №1 райцэнтра да гэтага часу памятаюць, якія цікавыя конкурсы, сустрэчы, экскурсіі арганізоўвалі рабяты-старшакласнікі разам са сваім класным кіраўніком Наталляй Лявонцьеўнай. У гарадской гімназіі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Маслоўская была ініцыятарам і арганізатарам пазнавальных мерапрыемстваў і брэйн-рынгаў, тэматычных вечарын і паходаў па родных мясцінах, спартыўных спаборніцтваў, выязных пленэраў і пасяджэнняў літаратурнай гасцёўні. І хоць ужо шмат гадоў яна працуе дырэктарам цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі (прычым паспяхова сумяшчае работу кіраўніка гэтай ўстановы спецыяльнай адукацыі і практыку прафесіянала-дэфектолага), па-ранейшаму на вечары сустрэчы яе абавязкова запрашаюць гімназісты-выпускнікі, часта тэлефануюць, наведваюцца ў госці.
Наталля Маслоўская любіць дзяцей, у кожным з іх бачыць перш за ўсё асобу і ўмее знайсці падыход да любога вучня, незалежна ад таго 6 гадоў яму альбо 16. Існуе нейкая непарыўная сувязь паміж педагогам і яго шматлікімі выхаванцамі. Наталля Лявонцьеўна валодае магічнай здольнасцю зацікавіць, арганізаваць справу так, каб бясконца хацелася ёю займацца. Так атрымалася і з «Заранкай». Яшчэ працуючы ў гімназіі, аб’яднала цікаўных хлопчыкаў і дзяўчынак у клуб Беларускай асацыяцыі ЮНЕСКА, які назвалі «Заранка». Чаму выбралі менавіта такую назву?
— Усё вельмі проста. Па-першае, заранка — гэта птушка, якая раней за іншых прачынаецца. А яшчэ заранка — гэта першая зорка, якая запальваецца на начным небасхіле. Клуб створаны, каб разам пазнаваць новае — сваю гісторыю, культуру, клапаціцца пра экалогію, уласнымі рукамі наводзіць парадак у гісторыка-культурных мясцінах, лясах, зонах масавага адпачынку, а яшчэ — каб быць нераўнадушнымі і працягваць руку дапамогі іншым, — расказвае нязменны кіраўнік клуба Наталля Маслоўская.
Стаць «заранкаўцам» можа кожны жадаючы, які гатовы да добрых спраў. 16-гадовыя робяць гэта самастойна — па ўласным жаданні, а малодшыя — толькі пасля папярэдняй заявы бацькоў.
За больш чым дзесяцігадовую гісторыю існавання клуба яго ўдзельнікамі сталі больш як 100 рабят. Многія з першых «заранкаўцаў» ужо дарослыя, выбралі прафесію па душы, займаюцца ў вышэйшых навучальных установах. І, што асабліва прыемна кіраўніку «Заранкі», нямала сярод яе былых выхаванцаў сённяшніх калег. Прычым прыйшлі яны ў педагогіку асэнсавана і добра зарэкамендавалі сябе як маладыя спецыялісты. Паспяхова працуе ў гарадской гімназіі настаўніцай замежнай мовы Наталля Дашкевіч, Ганна Ідрысава — дэфектолаг ЦКРНіР. З цеплынёй Наталля Лявонцьеўна расказвае пра сваіх самых актыўных «заранкаўцаў»: Анастасія Бурак, Юлія Каласоўская, Дзмітрый Шэйко, Кацярына Місюк, Ірына Кузьміч, Яўгеній Новік, чые няўрымслівасць і жаданне прыносіць карысць, даведвацца пра нязведанае сталі вызначальнымі для іх і ў выбары прафесіі.
На змену рабятам, якія закончылі школу, у клуб прыходзяць навічкі і хутка аб’ядноўваюцца ў па-сапраўднаму дружную каманду аднадумцаў, уключаюцца ў кругаварот цікавых спраў. У якіх толькі добрых пачынаннях ні ўдзельнічаюць рабяты. Падчас экалагічных акцый «Чысты лес» і «Чысты бераг» «заранкаўцы» разам з работнікамі лясгаса і райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыбіраюць ва ўладаннях зялёнага сябра, высаджваюць маладыя дрэўцы, вывучаюць гісторыю роднага краю і наводзяць парадак на прыбярэжных палосах каля зон адпачынку. Традыцыйна члены клуба летам адпраўляюцца ў паход на возера Свіцязь і акрамя адпачынку ў абавязковым парадку, па меры сваіх сіл і магчымасцей, энергічна і ахвотна працуюць на добраўпарадкаванні ля гэтай воднай жамчужыны Беларусі. А як не ўспомніць аперацыю пад кодавай назвай «Крыніца», дзе выступілі ў якасці даследчыкаў. Рабяты зацікавіліся, ці сапраўды чыстая і прыгодная для піцця вада ў гарадской крыніцы. Яны звярнуліся з просьбай у райЦГіЭ, каб разам са спецыялістамі цэнтра правесці лабараторнае даследаванне вады. Такі дазвол быў атрыманы, рабяты прысутнічалі пры правядзенні аналізу. І ўпэўніліся, што вада адпавядае статусу крынічнай, аб чым атрымалі адпаведны сертыфікат.
Гісторыя і сённяшні дзень, знакамітыя людзі зямлі беларускай, культурная спадчына цікавяць «заранкаўцаў». Мінулым летам яны наведалі Люсіно — першае працоўнае месца беларускага класіка Якуба Коласа, удзельнічалі ў экскурсіі па школе, дзе настаўнічаў наш Іван Міцкевіч. Сёлета пабывалі ў Косаве, у знакамітым палацы. А яшчэ былі паездкі ў тэатр, у Батанічны сад і іншыя.
Асаблівая старонка клуба — праект «Я — ляхавічанін», які стартаваў некалькі гадоў таму.
— Рабяты па крупінках збіралі звесткі пра гісторыю родных Ляхавіч, сустракаліся са старажыламі, знакамітымі землякамі.
Валанцёрства і дабрачыннасць — яшчэ адзін з накірункаў дзейнасці «Заранкі», якая цяпер працуе пры цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Клуб стаў ініцыятарам і актыўным удзельнікам раённых акцый «Мы розныя — мы роўныя» (падчас велапрабегу валанцёры пабывалі ў сем’ях, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды, уручылі ім падарункі), «Калядны падарунак» (не пакінулі без увагі рабят, якія выхоўваюцца ў неўладкаваных і няпоўных сем’ях, дзяцей-інвалідаў, правялі гульнёва-касцюміраваную праграму для маленькіх пацыентаў райбальніцы).
Клуб «Заранка» вядомы не толькі ў нашым раёне, але і ў многіх кутках краіны і нават выйшаў на міжнародны ўзровень як адзін з актыўных удзельнікаў Беларускай асацыяцыі ЮНЕСКА. З поспехам паўдзельнічалі «заранкаўцы» у нацыянальнай інтэрнэт-гульні «Наша Беларусь: стратэгія развіцця»: па яе выніках былі запрошаны на майстар-клас «Мы, мір, Беларусь», які праводзіўся Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі з удзелам лепшых аналагічных клубаў з усёй рэспублікі. Да таго ж «Заранка» — пастаянны ўдзельнік зімніх і летніх універсітэтаў клубаў ЮНЕСКА, якія арганізоўваюцца ў розных гарадах (апошні сёлета адбыўся ў Брэсце).
Вось такое цікавае, багатае на падзеі і добрыя справы жыццё ў шчырых, добразычлівых, актыўных рабят з «Заранкі» і іх кіраўніка і любімага педагога Наталлі Маслоўскай. Для іх паняцці «патрыятызм», «дабрачыннасць», уменне спачуваць і дапамагаць — не проста словы, а стан душы, неабходнасць і нават стыль жыцця. Так трымаць!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *