Перасылка карэспандэнцыі і новыя паслугі паштальёнаў Ляхавіччыны

Старэйшыя работнікі сувязі Ларыса Малахвей, Наталля Хмарук, Таццяна Дарашэнка, Людміла Жагунь і Ірына Нікуліна.

— Купіла ў паштовым аддзяленні… мэблю, — дзеліцца уражаннямі жанчына. — Вельмі зручна, не трэба шукаць транспарт, усё на месцы.
…Звычайнай справай стаў нетыповы асартымент тавараў і паслуг ад паштавікоў, і за гэта ім удзячны многія землякі, асабліва вяскоўцы. Пошта мяняецца адпаведна запатрабаванням часу, пашырае асартымент паслуг для насельніцтва. Што датычыць мясцовага РУПС, то па выніках работы за 2011 год у рэспубліканскім спаборніцтве калектываў вузлоў паштовай сувязі ляхавіцкі заняў трэцяе месца.
Жыхары вёсак ацанілі паштовы сэрвіс: зайшоў купіць святочную паштоўку, а купіў рэчы і для дому, і да стала. У аддзяленні можна набыць як прамысловыя, так і прадуктовыя тавары, пагартаць каталогі, пацікавіцца ўмовамі дастаўкі тавараў беларускіх фірм, сустрэцца са знаёмымі. Па словах намесніка начальніка РУПС Таццяны Дарашэнка, паслугі, якія прапаноўвае пошта, разнастайныя — гэта не толькі традыцыйныя падпіска на газеты і часопісы, выплата пенсій, але і прыём усіх відаў плацяжоў, крэдытаў, паслуга міжнароднай паскоранай пошты (EMS), унутраны EMS, «адпраўленне па шляху» паштовай машыны, прамая паштовая рэклама, падключэнне да сеткі МТС і інш. У аграгарадскіх аддзяленнях можна за вызначаную плату папрацаваць у інтэрнэце. Напярэдадні навагодніх святаў ў райцэнтры карыстаецца попытам паслуга на шчодрыя віншаваннні паштовага Дзеда Мароза.
Але ўсё ж «класіка жанра» — перасылка карэспандэнцыі. Ляцяць весткі ў раён з розных куткоў свету: з Нідэрландаў, Германіі, Англіі. І ад нашых землякоў таксама. Канешне, лісты пішуць не так часта, як раней. У дзень адрасатам дастаўляюць іх каля 600. Але ж засталіся яшчэ аматары навін з канвертаў, і гэта цудоўна, калі паштальёна чакаюць з такой нагоды.
У Ляхавіцкім РУПС 25 паштовых аддзяленняў, у якіх працуе 66 паштальёнаў, 7 з іх — у райцэнтры. Сярэдні ўзрост працуючых 35-40 гадоў. Але ёсць і тыя, хто, дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, не уяўляе сябе без пошты, без людзей. Прафесія гэта не з лёгкіх. Цяжкасці з перамяшчэннем, вага друкаванай прадукцыі… У вёсцы такі чалавек — веснік навін, дарадца, своеасаблівы псіхолаг. Ён ведае ўсе радасці і нягоды сяльчан. Выпадковыя людзі тут не затрымліваюцца. І, як прыклад: да 69-гадовага ўзросту працавала паштаром Таісія Стэльмацкая, 38 гадоў звязана з паштовым аддзяленнем Аліна Русін, 34 гады — Ніна Вайцешык, Алена Надалінская, 33 гады — Ірына Багдановіч, Наталля Хмарук. Сямейнай стала работа для намесніка начальніка аддзялення паштовай сувязі Людмілы Буйкевіч — паштальёнам працуе дачка Анастасія.
Трывалае супрацоўніцтва мясцовых паштавікоў і рэдакцыі газеты «Ляхавіцкі веснік» выніковае і плённае. Больш як па 6 тысячах адрасах дастаўляюць яны раёнку. Па шчыльнасці падпіскі на тысячу жыхароў «ЛВ» — лідар у вобласці, і ў гэтым вялікая заслуга паштавікоў. Лепшыя паказчыкі ў Сваятыцкім, Жарабковіцкім, Зубелевіцкім, Востраўскім аддзяленнях сувязі. Кожны год рэдакцыя праводзіць конкурс сярод паштальёнаў на лепшую арганізацыю падпіскі на «ЛВ» і ўзнагароджвае пераможцаў. Газета ўдзячна ўсім паштавікам за выніковае супрацоўніцтва і разлічвае на працяг.
Упэўнена, пакуль у гэту прафесію будуць прыходзіць неабыякавыя, адказныя спецыялісты, якія б тэхналогіі ні ўваходзілі ў наша жыццё, — людзі яшчэ доўга будуць чакаць прыходу чалавека з «сумкай на плячы».
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *