Адкрываем таленты. Музычныя вечары сталі сапраўднай фішкай Ляхавіч

Музычныя вечары каля кінатэатра «Кастрычнік» сталі сапраўднай фішкай Ляхавіч. Юнакі і дзяўчаты ведаюць, што амаль кожны дзень а 21 гадзіне тут загучыць музыка і пачнуцца танцы. І хоць не заўсёды імправізаваная танцавальная пляцоўка запаўнялася, але арганізатары шукалі тое, што будзе даспадобы мясцовай моладзі. Выступалі самадзейныя артысты, калектывы, былі вечары інструментальнай музыкі, мяняліся і жанры творчых нумароў.

У мінулую нядзелю на музычных сустрэчах дэбютавалі многія ляхавічане. Райкам БРСМ прапанаваў змяніць фармат сустрэч –
няхай сама моладзь скажа-праспявае сваё слова. Так з’явіўся «Адкрыты мікрафон».
Як аказалася, смеласці і талентаў ляхавічанам не займаць. Рэп, народныя матывы, поп, рок – усё падуладна тутэйшым юнакам і дзяўчатам. «Адкрыты мікрафон» стаў пляцоўкай не толькі для музыкі, але і для паэзіі. Напрыклад, каляджанін Дзмітрый Шыла дэкламаваў вершы Эдуарда Асадава.
А Кірыл Праневіч падзяліўся сваімі музычнымі планамі на будучыню. Хутка ў юнака выйдзе першы альбом. Каверы на вядомыя песні разам з Дзмітрыем Гуліцкім пранапанавалі на суд ляхавічан. А тыя, у сваю чаргу, зарыентаваліся хутка: падпявалі і апладысментамі падтрымлівалі спевакоў.
Іграла і фартэпіяна. У выкананні ляхавічанкі Златы Рамейка вядомая «Батарэйка» гучала неверагодна.
Навучэнцу каледжа Максіму Сіцько такі эксперымент аказаўся па душы, як і ляхавічанам яго вакал. Юнак прызнаецца, што абажае спяваць, а такая пляцоўка – тое, што трэба для людзей, якім хочацца выказацца на мове музыкі.
Прымусіла, у добрым сэнсе, пашумець і Кацярына Пілінога. Дзяўчаты з райбальніцы таксама вырашылі паўдзельнічаць у народным караоке: актыўнічалі не толькі на сцэне, але і ў фанзоне. Падтрымаў сяброў-калег і маладзёжны парламент.
А самым прыемным стала тое, што кожны, хто выйшаў у гэты дзень на імправізаваную сцэну, акрамя безлічы эмоцый і ўражанняў, сотні сэлфі ў інстаграм, атрымаў і сувеніры. Вышыванкі, магніты, кубкі з ляхавіцкім каларытам ад райкама БРСМ будуць нагадваць, як класна правялі гэты вечар.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.БОЛЬШ ФОТА ТУТ