Развівай мускулатуру фізкультурай. Ходу рэалізацыі мерапрыемстваў праграмы ў разрэзе Ляхавіцкага раёна было прысвечана чарговае апаратнае пасяджэнне ў старшыні райвыканкама

У якасці «размінкі» нагадаем, што з 2016 года ў Беларусі дзейнічае Дзяржаўная праграма развіцця фізічнай культуры і спорту,    фінішным для якой стане 2020 год. Ходу рэалізацыі мерапрыемстваў праграмы ў разрэзе Ляхавіцкага раёна было прысвечана чарговае апаратнае пасяджэнне ў старшыні райвыканкама.

Аб ужо зробленым, закладзеных на бліжэйшыя паўтара года праграмных перспектывах гаварыла галоўны спецыяліст па спорце і турызме райвыканкама Надзея Лапіч.
Праграма комплексная, накіравана, у тым ліку, на забеспячэнне
якаснай падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву, эфектыўнага выкарыстання спартаб’ектаў і збудаванняў, выкананне прагнозных паказчыкаў развіцця спартгаліны і іншае. Па васьмі пазіцыях, у адпаведнасці з дакументам, прадугледжваецца выхад на пэўныя лічбавыя паказчыкі-характарыстыкі. Такія, напрыклад, як колькасць прыхільнікаў заняткаў фізкультурай і спортам. Як прагучала ў выступленні, за 2016-2018 гады колькасць фізкультурнікаў і спартсменаў у раёне павялічылася на 1,6 працэнта. А па стане на 1 ліпеня больш як кожны чацвёрты жыхар раёна ўключыў у расклад дня заняткі фізічнымі практыкаваннямі.
Немалая заслуга ў тым СДЮШАР  раёна. Акрамя клопатаў па падрыхтоўцы юных-таленавітых дзюдаістаў, гандбалістаў, лёгкаатлетаў і футбалістаў, за тры з паловай гады школа падрыхтавала больш за паўтысячы спартсменаў масавых разрадаў. За той жа адрэзак часу са сцен раённай СДЮШАР выйшла 24 першаразраднікі, кандыдаты ў майстры і майстры спорту. Сярод пераможцаў і медалістаў афіцыйных рэспубліканскіх спа-борніцтваў значацца і выхаванцы ляхавіцкай СДЮШАР.
Школа аказвае насельніцтву спартыўныя паслугі. Раённы ФСК, які з’яўляецца структурным падраздзяленнем СДЮШАР, у бягучым годзе стварыў дзве фізкультурна-аздараўленчыя групы для людзей з інваліднасцю на бясплатнай аснове.
У той жа час некаторыя пазіцыі спартыўнага жыцця раёна патрабуюць «аздараўлення». Адкрытым застаецца пытанне з будаўніцтвам у горадзе плавальнага басейна, капрамонту патрабуе будынак СДЮШАР, размешчаны па адрасе вуліца Леніна, 51. Для правядзення спаборніцтваў высокага ўзроўню, трэніровак наспела замена асфальту бегавога авала стадыёна «Колас» на сучаснае пакрыццё. Таго ж «просіць» і сама футбольная паляна.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі акцэнтаваў увагу на пытанні прыцягнення ў раён маладых спецыялістаў фізкультурна-спартыўнага профілю і наогул неабходнасці актывізацыі спартыўнага духу. Кіраўнік раёна адзначыў, што падняць спартыўна-турысцкі рух можна і трэба за кошт, у тым ліку, больш частага правядзення спаборніцтваў, спартыўных форумаў з удзелам гасцей з іншых рэгіёнаў краіны. А гэта яшчэ і пытанне запаўняльнасці гасцініцы, іншыя магчымасці для атрымання суб’ектамі гаспадарання і ў цэлым раёнам дадатковай выручкі.
Іван КАВАЛЕНКА.