І кірмашы тут ладзіліся. Сёння «ЛВ» прапануе чытачам завочную экскурсію ў адну з вёсак Ляхавіччыны, якая знаходзіцца на мяжы з Нясвіжскім і Баранавіцкім раёнамі

Пачнём з ХVІ стагоддзя. Да чаго ж заможныя тут ладзіліся калісьці кірмашы! З усёй акругі і больш далёкіх маёнткаў з’язджаліся ў гэта мястэчка прадаўцы і пакупнікі. А колькі гасцей збіралася да шляхціцаў Петкавічаў, потым Казноўскіх, Пясецкіх, Фурсаў, Хацкевічаў, Абуховічаў…

Прыгожы палац з малюнка  Напалеона Орды

Вызначальнымі для гэтага мястэчка сталі 70-90-я гады ХVІІІ стагоддзя. Юзаф Абуховіч пачаў будаваць палац, справу бацькі прадоўжыў сын Міхаіл, які нават ператварыў Сваятычы ў сваю рэзідэнцыю. Комплекс называлі самым прыгожым палацам у Навагрудскім ваяводстве. Каля 5000 кніг і вялікая калекцыя карцін захоўваліся ў тутэйшай бібліятэцы. На балі да Абуховічаў з’язджаліся з ўсяго ваяводства.
З ХІХ стагоддзя бярэ адлік свайго існавання мясцовы касцёл: 23 красавіка 1841 года на беразе Ведзьмы заклалі падмурак храма ў гонар прападобнамучаніка Юрыя. Будынку быў наканаваны няпросты лёс: выкарыстоўваўся ён і ў якасці касцёла, і праваслаўнай царквы, а ў сярэдзіне мінулага стагоддзя тут увогуле размясціўся склад. Аднак, мясцовыя вернікі за сабраныя грошы ў 1992 годзе аднавілі храм, у касцёле Святога Юрыя і сёння вядуцца богаслужэнні. Пабудова з’яўляецца помнікам культавай архітэктуры.
Гэтыя мясціны заўсёды вабілі непаўторнасцю, хараством, спакойным, размераным жыццём і маляўнічымі краявідамі, якія так прасіліся на палатно мастака. Знайшоўся той, хто захаваў для нашчадкаў каларыт Сваятычаў і яго галоўную знакамітасць – палац. У 1876 годзе Напалеон Орда з мясцовай натуры зрабіў два малюнкі.
ХХ стагоддзе прынесла Сваятычам не толькі разбуральныя падзеі: разрабаванне бібліятэкі ў гады Першай сусветнай вайны і зруйнаванне замка падчас Вялікай Айчыннай вайны, але і шмат стваральнага. У 1911 годзе пабудаваны цагельны завод, дзейнічалі два паветраныя і вадзяныя млыны. У памяшканнях старога маёнтка, што ўцалелі, пасля вызвалення вёскі ад фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 дзейнічаў дзіцячы дом № 2. Аднымі з яго першых дырэктараў былі Ніна Пазнякова і Уладзімір Шыловіч. А яшчэ тут была спачатку сярэдняя, потым базавая школа.
Добрым словам успамінаюць настаўнікаў Міхаіла Турко, Марыю Ліс, Яўгенію Смычкоўскую, Філімену Камінскую, Веру Карповіч. Важатая важатых – так называлі Аляксандру Рудкоўскую, якая працавала на гэтай пасадзе больш за трыццаць гадоў. Яна надзвычай прыгожа малявала. Цяпер маміны карціны беражліва захоўвае дачка Лілія, якая жыве ў Мінску.
Сёння ў колішнім будынку школы адкрыта вытворчасць вокнаў.

Алена Капуста з дачкой Палінай.

Сваятыцкія будні і святы

– Канешне, шкада, што закрыўся клуб, у нас людзі любяць адпачываць разам. Летась на свята вёскі сабралася больш за сто чалавек, – расказвае Алена Масцілоўская.
Алена Міхайлаўна разам з аднавяскоўкай Таісіяй Карповіч чакалі прыезду пошты на колах – перасоўнага аддзялення паштовай сувязі.
– Я ў Сваятычах амаль паўвека. Да пенсіі працавала даяркай у «Жарабковічах». Некалі наша вёска была вялікая, гаманлівая, цяпер усё спакайней. Праўда, летам, калі прыязджаюць дзеці-ўнукі, куды весялей, – далучаецца да размовы Таісія Дзмітрыеўна.
А тым часам пад’ехала і пошта, дарэчы, яна тут па графіку пяць разоў на тыдзень, акрамя нядзелі і панядзелка. Каму заказы прывозіць, іншыя здымаюць грошы па банкаўскай картцы ці атрымліваюць пенсію. Марыя Зенчанка з дачушкамі Дашай і Міланай прыйшла аплаціць паслугі.
– Сумаваць не даводзіцца, клопатаў хапае ў любую пару года, трымаем вялікую гаспадарку. Даша – вучаніца. Праблем з падвозам дзяцей у Навасёлкаўскую школу няма, аўтобус аддзела па адукацыі прыязджае ў Сваятычы двойчы – спачатку за школьнікамі, потым за малышамі, якіх адвозіць у Навасёлкаўскі дзіцячы садок, – гаворыць маладая мама.

Стараста Сваятыч Іна Блашэнка.
Прадавец Марына Канецпольская.

А гаспадары тут – дбайныя

У Сваятычаў бясспрэчна ёсць заўтра – тут шмат дзяцей і моладзі. Вёска, у якой сёння жыве 190 чалавек, славіцца гаспадарамі – дбайнымі і руплівымі.
Блашэнкі – адны з іх. Іна і Дзмітрый – тутэйшыя.Сялянскую справу ведаюць з дзяцінства. Толькі кароў у іх прыватнай гаспадарцы – 16, ёсць свінні, куры, іншая жыўнасць. А падворак нібы карціна: мноства кветак, газоны і стылізацыя пад даўніну. Бацькам дапамагаюць тры дачкі. Старэйшая выкладчыца па класе баяна Навасёлкаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Малодшыя двайняты – студэнткі. Дар’я вучыцца ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, да Ксеніі якраз збіраліся на выпускны: дзяўчына атрымала дыплом эканаміста.
– Каб мець дастатак, трэба працаваць, – упэўнена сцвярджае стараста вёскі Іна Блашэнка. І з ёй згодны многія аднавяскоўцы.
А мнагадзетных сем’яў тут колькі!
На падворку, дзе жыве сям’я Капуста, чыста і ўтульна.
– Дом атрымалі ад ААТ «Жарабковічы», дзе працую жывёлаводам на МТФ «Дамашы». У гаспадарку механізатарам уладкаваўся старэйшы сын Яўгеній. Сюды ж хутка прыйдзе і малодшы Арцём. 13-гадовая Паліна – мая галоўная памочніца, – гаворыць Алена Капуста, якая вярнулася дамоў пасля ранішняй дойкі і паспела забегчы ў мясцовы магазін.
Зазірнём сюды і мы. Вяскоўцы збіраюцца, каб пагаварыць, даведацца пра апошнія навіны. Асартымент у гандлёвай кропцы райпо разнастайны. Найбольшая выручка летам, калі да бабуль-дзядуль прыязджаюць пагасцяваць унукі, праўнукі. Загадчыца магазіна Марына Канецпольская таксама мнагадзетная мама. Разам з мужам (працуе слесарам у «Жарабковічах») выхоўваюць трое дзяцей.
Бадай самае папулярнае і запатрабаванае месца не толькі ў сваятычан, але і жыхароў бліжэйшых вёсак – фельчарска-акушэрскі пункт. Да яго загадчыка Дзмітрыя Гібежа штодзень спяшаюцца за парадай і дапамогай. Наталля Балашова прывяла да вясковага фельчара сваіх унукаў Сафійку і Ілью.
– Люблю Сваятычы. Цяпер гэта другая радзіма для маёй сям’і. Даўно стаў тутэйшым і не збіраюся нікуды пераязджаць, – гаворыць Дзмітрый Гібеж.
Сваятычы самабытная вёсачка з багатай гісторыяй і цікавымі жыхарамі. І, напэўна, яна дастойна, каб арганізаваць праз яе шыкоўны турыстычны маршрут. Тут ёсць што паказаць і суайчыннікам, і замежным гасцям, і не толькі паказаць, але магчыма паспрабаваць адкрыць тайны, якімі ахутана наваколле.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Людзі, якія сяліліся тут, называлі адзін аднаго «свае». Адсюль, кажуць, і пайшла такая назва.
Дарэчы, гэта вёска з больш чым 500-гадовай гісторыяй хавае нямала тайнаў. Калі праводзілі меліярацыю, тут знайшлі касцяны стрыжань гарпуна, які вучоныя аднеслі да эпохі мезаліту.

Загадчык Сваятыцкага ФАПа Дзмітрый  Гібеж і тутэйшая жыхарка Наталля
Балашова з унукамі Сафійкай і Ільёй.
На рыбалку сюды прыязджаюць з розных раёнаў.
Уладзімір Тарасевіч, напрыклад, з Баранавічаў.
Прыезд пошты на колах – падзея для вяскоўцаў чаканая.