Школьны камплект. У Ляхавіцкім раёне мнагадзетным сем’ям пачалі выдаваць матэрыяльную дапамогу на падрыхтоўку дзяцей да навучальнага года

З учарашняга  дня ў мнагадзетныя сем’і нашага раёна тэлефануюць са школ: запрашаюць атрымаць грошы на падрыхтоўку дзяцей да навучальнага года. Рашэннем райвыканкама аднаразовая матэрыяльная дапамога на гэтыя мэты будзе аказана тым, хто выхоўвае трох і больш непаўналетніх дзяцей. Прычым, на кожнага школьніка, які навучаецца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, ЦКРНіР і школах-інтэрнатах у памеры 35 рублёў. Такую падтрымку атрымаюць 734 хлопчыкі і дзяўчынкі з 343 сем’яў на Ляхавіччыне. Агульная сума выплат з раённага бюджэту складзе 25690 рублёў.
Намеснік начальніка аддзела ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Гатоўчыц тлумачыць некаторыя нюансы, якія неабходна ведаць: дапамога назначаецца па месцы рэгістрацыі маці. Так, калі дзеці навучаюцца ў баранавіцкай школе, а маці прапісана ў Ляхавіцкім раёне, то для атрымання дзяржаўнай дапамогі ёй неабходна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ляхавіцкага райвыканкама.
Традыцыйна склалася так, што падрыхтоўка рабят да школы – справа агульная. Удзельнічаюць у зборы школьнага партфеля прафкамы мясцовых арганізацый і прадпрыемстваў, працуе і калектыўны дагавор.
Раённая арганізацыя і абкам прафсаюза работнікаў АПК штогод далучаецца да рэспубліканскай акцыі «Дзеці ідуць у школу». Нераўнадушная пазіцыя да вераснёўскага свята і ў “Белай Русі”, прафкама ў ЖКГ, лясгаса, ільнозавода і іншых. Спіс гэты няпоўны і да канца жніўня, пэўна, павялічыцца ў разы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з сайта http://www.globalresp.com