Алгарытм для двух колаў

Веласіпед, асабліва ў цёплую пару года, становіцца адным з самых папулярных відаў транспарту ў дзяцей і дарослых. Але не заўсёды бацькі тлумачаць хлопчыкам і дзяўчынкам правілы бяспечнага руху на двух колах.
Калі ў дварах і парках, па тратуарах, веласіпедных дарожках можна ездзіць з любога ўзросту, то выязджаць на праезную частку без суправаджэння дарослых можна толькі з 14 гадоў. Веласіпедыстам забаронена ездзіць па аўтамагістралях і перавозіць пасажыраў (за выключэннем перавозкі дзяцей ва ўзросце да сямі гадоў на спецыяльна абсталяваным сядзенні). Дазволены рух па абочыне, тратуары ці пешаходнай дарожцы, калі гэта не стварае перашкоды і небяспекі для пешаходаў. Калі няма даных элементаў дарогі ці ехаць па іх немагчыма, можна рухацца па праезнай частцы не далей за адзін метр ад яе правага краю. Пры гэтым, выезд далей за адзін метр ад краю праезнай часткі дазваляецца для аб’езду перашкоды і калі дазволены паварот налева ці разварот.
На пешаходным пераходзе веласіпедыст павінен перамяшчацца пешшу, весці транспарт побач.
Асаблівая ўвага надаецца тэхнічнаму стану веласіпеда: спраўным тармазам, рулявому кіраванню і гукавому сігналу – званку ці гудку. Абавязкова павінна быць устаноўлена люстэрка задняга віду і святлоадбівальнікі: белага колеру – спераду, чырвона-га – ззаду, аранжавага – па баках.
Але і правільна абсталяваны двухколавы транспарт не дапаможа, калі сесці за яго руль нецвярозым.
Дарэчы, у Брэсцкай вобласці з пачатку года адбылося 27 ДТЗ з удзелам веласіпедыстаў: у кожным другім выпадку яны аказаліся вінаватымі ў здарэнні. У Ляхавіцкім раёне да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне ПДР за гэты час прыцягнуты 556 пешаходаў і веласіпедыстаў, зарэгістраваны два ДТЗ з удзелам апошніх.

Аляксандр АНІКЕВІЧ,
старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ.