Рэкордны пачатак. Спелы пшанічны колас на жарабковіцкіх палетках аддзячвае рупліўцаў-аграрыяў шчодрым ураджаем

Спелы пшанічны колас на жарабковіцкіх палетках аддзячвае рупліўцаў-аграрыяў шчодрым ураджаем. З гектара тут збіраюць па 68,9 цэнтнераў збожжа.
Наліты сонцам, падобны на бурштын, гнецца да зямлі залаты колас. Шматгалоссе камбайнаў гучыць ва ўнісон з маторам аўтамабіляў. Жніво прыйшло і на жарабковіцкія палеткі, якія заўсёды славіліся высокімі ўраджаямі і працавітымі людзьмі. Сярод іх ас-механізатар Андрэй Дзянішчык   і яго памочнік Іван Мацюшэнка .


Андрэй Дзянішчык(справа)   і яго памочнік Іван Мацюшэнка .

На вагу пшанічнага коласа

У Андрэя Дзянішчыка сёлета 17-ы камбайнерскі сезон. І зноў яго надзейным напарнікам стаў Іван Мацюшэнка, які другі год на час жніва са слесара камунгаса перакваліфікуецца ў камбайнера. Гэты экіпаж летась першым у раёне намалаціў тысячу тон збожжа.
– Паспрабуем і сёлета стаць першымі на Ляхавіччыне тысячнікамі. Ураджай на славу, тэхніка ў парадку. З Іванам у нас зладжаная каманда, – зрабіўшы на хвіліну перапынак, гаворыць Андрэй Дзянішчык.
На адным полі з імі каля Серкаўшчыны шчыруюць яшчэ чатыры экіпажы. Адзін з іх асаблівы. Старшы камбайнер Сяргей Салагуб
17 гадоў запар выходзіць на ўборку на адной і той жа «Лідзе», ён самы «ўзроставы» механізатар, а вось яго памочнік Дзяніс Глобаж –
жніўны дэбютант.
Упершыню за штурвалам камбайна і Арцём Касценка, але, па яго словах, не страшна і ўсё атрымліваецца, бо побач вопытны Віктар Клемяня.
Браты Васілевічы – Ігар і Аляксандр – маладзёжны экіпаж. Зусім нядаўна механізатарам працуе ў «Жарабковічах» Антон Батчанка. Ён пераехаў у Беларусь з Казахстана, і гаспадарка не толькі выдзеліла дом (хутка сюды прыедзе і яго сям’я), але і даверыла ўдзельнічаць у жніўнай кампаніі. Камбайнерам у яго Сяргей Марко.
Важную місію – без страт даставіць зерне з поля на элеватар – выконваюць вадзіцелі МАЗаў Юрый Прышчэпа, Міхаіл Праневіч, Уладзімір Сокал, Аляксандр Страмавус.
– Тэхніку заўжды рыхтую сам. Таму, калі і здарыцца паломка, ведаю, дзе і як выпраўляць. Учора зрабіў пяць рэйсаў: перавёз 100 тон зерня. І гэта толькі пачатак, – Юрый Прышчэпа зазначыў у адзін з дзён свайго сёмага жніўнага сезона.
На рапсавым полі каля Падлесся клін за клінам убірае экіпаж у складзе мінулагодняга пераможцы абласнога спаборніцтва сярод старшых камбайнераў Сяргея Бурака і яго памочніка Міхаіла Кандыбы.
У параўнанні з леташнім, жарабковіцкі клін сёлета прырос на 400 гектараў тальмінавіцкіх земляў і цяпер самы вялікі ў раёне – 3089 гектараў адведзена пад збожжавыя (найбольшыя плошчы – 2106 гектараў займае пшаніца) і зернебабовыя культуры без уліку кукурузы, грачыхі і проса. Дырэктар «Жарабковічаў» Антон Булаты не хавае задавальнення, калі гаворыць пра віды на ўраджай-2019:
– Нягледзячы на ўсе сюрпрызы надвор’я, сёлета ўраджайнасць будзе значна лепшай за мінулагоднюю. Адпаведна, і намалоты чакаем больш важкія.

Вадзіцель Юрый Прышчэпа.


Пацвярджэнне яго слоў – красамоўная лічба. У мінулы панядзелак з кожнага азімага пшанічнага гектара на палях каля Канюхоў намалацілі амаль па 73 цэнтнеры. Так шчодра аграрыяў аддзячыла пшаніца сорту «сейлар». І гэта на ўчастках, якія найбольш пацярпелі ад сонца – запякліся. Для параўнання сярэднераённы паказчык быў 47 цэнтнераў на круг.
Як толькі падыдзе пара, пачнецца ўборка яравога ячменю (634 гектары), трыцікале  (64 гектары), зернебабовых (225 гектараў).
– Па полі відаць – прыйшла яго чарга на ўборку ці не. Вось і на гэтым участку вільготнасць пакуль высокая, таму даўжэй прасушваем. Калі ўсё пойдзе па плане, пераходзім на тальмінавіцкія палі, будзем жаць яравы ячмень. Там гаспадараць тры мясцовыя экіпажы, – гаворыць галоўны аграном ААТ Яўгеній Цярпіцкі.
Да сёлетняй уборкі ў «Жарабковічах» у поўнай гатоўнасці 18 камбайнаў, 17 аўтамабіляў для адвозкі ўраджаю. Яго прымаюць пяць зернетакоў.
Няма праблем і з кадрамі: пераважная большасць свае, жарабковіцкія, але ёсць і тыя, хто прыходзіць на сезон, каб гаспадарцы дапамагчы і ўласны бюджэт папоўніць.
Ёсць і маладзёжныя экіпажы, акрамя Васілевічаў – Глеб Круглік і Арцём Усцінаў, а таксама сямейны ў складзе мужа і жонкі Сяргея і Анастасіі Каралёвых.

З полымя-жару і ў поле

Сталоўка гаспадаркі (летась яна перабралася ў адрамантаванае памяшканне ў Канюхах) забяспечвае абедамі штодня каля 280 тутэйшых удзельнікаў жніва (яшчэ 30 порцый з полымя-жару імчаць у ДП «Нача») і каля 120 – падвячоркамі. На працягу больш як двух дзесяцігоддзяў у адказе за харчаванне механізатараў повар Ганна Барташэвіч.
– Добры работнік – накормлены работнік. Падчас пасяўной і жніва працуем без выхадных з 7.30 да 18.30. Не жартачкі прыгатаваць штодня амаль паўтысячы порцый, – расказвае Ганна Станіславаўна.
Акуратна раскладваюцца ў спецыяльныя вялікія тэрмасы рысавая каша, абсмажаная каўбаса, разліваецца духмяны суп, сок – гэта абед. Пяцёра раздатчыц развозяць яго па палях. А тым часам ужо гатуюцца бульба, катлеты, на сталах рэжуць салат з чырвоных буракоў – падвячорак. Дарэчы, за абед, які «важыць» 13-14 рублёў удзельнікі жніва плацяць усяго 10 капеек, астатнія выдаткі бярэ на сябе сельгаспрадпрыемства.
На кантролі і пытанні аховы працы. Усе ўдзельнікі жніва праходзяць абавязковы інструктаж. А на палетках дзяжурыць Іван Сергіеня на пажарнай машыне. Бяспека перш за ўсё.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Маладзёжны экіпаж братоў Васілевічаў – Ігара і Аляксандра.
Старшы камбайнер Віктар Клемяня і камбайнер Арцём Касценка.
За пажарную бяспеку ў адказе Іван Сергіеня.
Камбайнеры Сяргей Салагуб і Дзяніс Глобаж.