Анлайн і не толькі завітаем па мясцовых адрасах. Як зрабіць, каб у нашы Грушаўку, Савейкі, Сваятычы і іншыя турыстычныя жамчужынкі прыязджалі з усіх куткоў Беларусі

Як зрабіць, каб у нашы Грушаўку, Савейкі, Сваятычы і іншыя турыстычныя жамчужынкі прыязджалі з усіх куткоў Беларусі і не толькі? Як на поўную магутнасць выкарыстаць патэнцыял цікавых і ўнікальных мясцовых гістарычных адрасоў?

Адказы на гэтыя пытанні шукалі прадстаўнікі ЦДАДіМ, райбальніцы, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, камунгаса, лясгаса, райпо і іншых арганізацый падчас нарады раённага міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета па турызме.
Падарожніцкі складнік вольнага часу школьнікаў у многім каардынуе цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. За гэты год яго супрацоўнікі арганізавалі паходы для 25 груп маленькіх «чамучак» (гэта 348 чалавек). Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч паставіла задачу – зацікавіць такой формай актыўнага адпачынку як мага больш школьнікаў. Дзеці павінны ведаць, на якой прыгожай і шчодрай на гістарычныя каштоўнасці зямлі ім пашчасціла нарадзіцца і жыць. На экскурсіях цэнтра пабывалі 135 чалавек (17 груп).
Як заўважыла галоўны спецыяліст райвыканкама па пытаннях спорту і турызму Надзея Лапіч, для дзяцей паход ці экскурсія – маленькае шчасце, і добра было б ім дзяліцца з іншымі. А значыць, аператыўней абнаўляць інфармацыю на сваіх інтэрнэт-рэсурсах. Акрамя таго, што школьнікі з задавальненнем яшчэ раз акунуцца ў тую вандроўніцкую атмасферу, магчыма, хтосьці з іншых раёнаў зацікавіцца нашай турыстычнай прапановай.
Апошнім часам актыўней вядзецца размова пра развіццё медыцынскага турызму. Рай-бальніца ў гэтым пытанні ў баку не застаецца. На сайце медустановы інфармацыя размешчана на чатырох мовах (акрамя дзяржаўных, яшчэ на англійскай і польскай). Наконт прапануемых паслуг і іх кошту там вычарпальныя тлумачэнні. Райбальніца распрацавала комплексную праграму абследавання «Базавая паглыбленая праграма для мужчын і жанчын да і пасля 50 гадоў (для
вызначэння агульнага функцыянальнага стану арганізма)». Гэта таксама, па меркаванні медыкаў, павінна зацікавіць і прыцягнуць турыстаў. У планах – абнавіць медыцынскае лячэбна-
дыягнастычнае абсталяванне, а таксама павысіць кваліфікацыйныя катэгорыі ўрачоў.
Перспектыўная турыстычная прыцягальнасць і ў лясгасаўскага гасцявога доміка. Варта, як гаворыцца, зрабіць рэкламны крок – тым больш, калі ёсць што рэкламаваць.
І, канешне, паклапаціцца пра сувеніры. Папрацаваць трэба ўсім – турысты проста не могуць не прывезці з ляхавіцкай зямлі цёплы напамін пра паездку. Магніцікі, бірулькі, кепкі, кубкі, майкі і нават кааппрамаўскі пернік з выявай фартэцыі – усё гэта ўжо ёсць і распрацавана, але ж папулярызаваць не пашкодзіла б. Адной сувенірнай лаўкі – малавата.
А вось з турыстычных абновак Ляхавіччына можа пахваліцца інтэрактыўнай картай раёна з гіперспасылкамі на інфармацыю пра аб’екты. Дарэчы, такая ідэя цяпер не толькі ў анлайн-версіі – карта размясцілася і на банеры (знаходзіцца ён на дарозе Баранавічы-Ляхавічы), і ў выглядзе пераноснага рол-апа, які сустракае турыстаў у гасцініцы «Эдэльвейс». Дарэчы, наконт апошняй. Плануецца, што кошт гасцінічных нумароў у хуткім часе стане таннейшым.
Як бачым, ёсць што паказаць і чым здзівіць гасцей на Ляха-віцкай зямлі. Але, як у той прыказцы: умеем гатаваць – не ўмеем падаваць. Прэзентацыя на розных узроўнях нам была б зусім не лішняя.

Маргарыта КУХТА.