Рэстаўрацыя памяці. Нашчадкам салдатаў Перамогі раўнадушша забараняецца

Ліпск, як і іншыя населеныя пункты раёна, не абмінулі падзеі Вялікай Айчыннай вайны.
На фронце і ў фашысцкіх засценках загінулі  38 ліпчан.

14 студзеня 1944 года немцы расстралялі восем вяскоўцаў – Івана Бурбіцкага, Іосіфа Гатоўчыца, Адама Дыдышку, Аляксандра Пастэрнакевіча, Мікалая Герасімовіча, Міхаіла Салодкага, Аляксандра Супрыновіча, Фёдара Чаранкевіча і двух невядомых партызан. У цэнтры населенага пункта ў 60-я гады мінулага стагоддзя нашчадкі паставілі помнік – як памяць пра сваіх землякоў, як напамін пра цану міру.
Дзевяць гадоў назад ураджэнцы аграгарадка браты Анатолій і Генадзій Валюкевічы, іншыя нераўнадушныя дапамаглі ўстанавіць на брацкай магіле новы мемарыяльны знак. І заўсёды 9 Мая
каля яго жывыя кветкі – ліпчане памятаюць!
На вуліцы Савецкай у Ліпску дрэвы, быццам вартавыя, нясуць вахту каля памятнага знака «Маці, якая смуткуе». Устаноўлены ён у памяць загінулых землякоў, сімвалізуе смутак і боль маці па дзецях, якіх забрала вайна.
З часам знаку спатрэбілася рэстаўрацыя. Сёлета перад Днём Перамогі можна было ўбачыць, што там актыўна вядуцца работы па добраўпарадкаванні.
– У красавіку ў сельвыканкам патэлефанавалі з кіруючай кампаніі холдынга «Канцэрн «Брэстмясамалпрам» і прапанавалі сваю дапамогу па прывядзенні воінскіх пахаванняў у належны стан. Да 9 Мая быў зроблены касметычны рамонт памятнага знака. А далей да справы падключыўся Ляхавіцкі малочны завод: закупілі тратуарную плітку і самі ж яе паклалі. На гэтыя мэты прадпрыемства выдаткавала прыкладна 5500 рублёў. У планах упрыгожыць тэрыторыю кветкамі, – расказвае старшыня Крывошынскага сельвыканкама Юрый Чаранкевіч.
Юрый Міхайлавіч адзначае, што мясцовыя жыхары стараюцца штогод да Дня Перамогі прывесці помнікі, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, у парадак. Напрыклад, сёлета з касметычным рамонтам дапамог ІП Юрый Дзядзечка.
Нашчадкам салдатаў Перамогі раўнадушша забараняецца. Тым больш, у Год малой радзімы, 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

ФАКТ

На тэрыторыі Ляхавіччыны знаходзіцца 50 воінскіх пахаванняў,  з іх 39 – часоў Вялікай Айчыннай вайны, 13 помнікаў воінскай славы.