Штрыхі школьнага макіяжу. 13 і 14 жніўня ўстановам адукацыі давядзецца трымаць экзамен на гатоўнасць: спецыяльна створаныя камісіі пачнуць традыцыйную прыёмку

Дырэктар СШ № 1 Наталля Кулак дэманструе новы кабінет хіміі.

У вучняў у разгары канікулы, а вось  школы калі і схадзілі ў водпуск,  то толькі на  непрацяглы тэрмін – яны  рыхтуюцца да новага  навучальнага года.  У кожнай свой графік, свае аб’ёмы работы. І ўжо 13 і 14 жніўня ім давядзецца трымаць экзамен на гатоўнасць: спецыяльна створаныя камісіі пачнуць традыцыйную прыёмку.

Намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Мікалай Прыхач расказаў, што маштабных рэканструкцый гэтым летам у навучальных установах не праводзіцца,толькі абавязковыя ў кожнай школе і дзіцячым садку касметычныя рамонты. Як заўжды, фарбы закупляюцца цэнтралізавана аддзелам па адукацыі, на гэтыя мэты з раённага бюджэту выдаткавана больш за 19 тысяч рублёў, яшчэ 2,5 тысячы бюджэтных рублёў ідзе на іншыя будаўнічыя матэрыялы. Як і штогод,  набываюцца  посуд  у  харчаблокі  і сталоўкі, цацкі, спартыўны інвентар і вучэбна-метадычныя прылады. Яшчэ на-прыканцы 2018/2019 навучальнага года ў харчаблоках школ і дзіцячых садкоў з’явіліся дзевяць новенькіх халадзільнікаў. На парадку дня паверка абсталявання, прамыўка сістэм ацяплення і г. д.

– Стварэнне бяспечных умоў для знаходжання дзяцей у школьных і пазашкольных установах – галоўнае ў падрыхтоўцы да першага верасня. І гэта патрабаванне актуальнае на працягу ўсяго  навучальнага года.  За парадак і бяспеку нясуць персанальную адказнасць кіраўнікі ўстаноў адукацыі, – падкрэслівае Мікалай Прыхач. Тэхработнікі гэтым часам фарбуюць падлогу ў класах, панэлі калідораў, мыюць, чысцяць,прыбіраюць.

Рамонт – не толькі патрэбная акалічнасць, але і выдатная магчымасць для тутэйшых работнікаў праявіць свае творчыя дызайнерскія здольнасці. Не застаюцца ў баку ад агульных школьных клопатаў вучні і іх бацькі: дапамагаюць з рамонтам, фарбуюць, клеяць, добраўпарадкуюць тэрыторыю.

Як расказаў намеснік начальніка аддзела па адукацыі, па рэкамендацыі спецыялістаў санслужбы навучальныя ўстановы паступова будуць адыходзіць ад паклейкі сцен шпалерамі. Па санітарных нормах перавага аддаецца пакрыццю акрылавымі фарбамі. Як, напрыклад, гэта зрабілі нядаўна ў некаторых кабінетах у гімназіі.

Дарэчы, у чэрвені прыступіў да работы абноўлены харчаблок гімназіі. Першымі яго перавагі паспелі ацаніць адпачываючыя прышкольнага лагера з дзённым знаходжаннем. Непазнавальна змяніўся выгляд памяшкання, наладжана сістэма вентыляцыі, з’явілася новае тэхналагічнае абсталяванне. Такая абноўка каштавала 540 тысяч рублёў. Праект прафінансаваў Сусветны банк развіцця. 75 працэнтаў ад сумы пазыкі будзе вернута за кошт сродкаў рэспубліканскага, а 25 працэнтаў – абласнога бюджэтаў.
У гэтай навучальнай установе ёсць яшчэ адна цікавая абноўка: спецыяльны электрапад’ёмнік ля цэнтральнага ўваходу прыйшоў на змену пандусу – элемент безбар’ернага асяроддзя.

У СШ № 1 свежы пах фарбы даносіцца з кабінета хіміі, дзе, у рэшце рэшт, устаноўлена абсталяванне за сродкі Сусветнага банка развіцця. Акрамя таго, у некаторых кабінетах, памяшканнях устанаўліваюцца новыя дзверы за бюджэтныя сродкі. А інтэр’ер спартыўнай залы папоўніўся лесвіцай для скалалажання. Рамонтныя клопаты прадаўжаюцца ва ўсіх навучальных установах
раёна.

Галіна КАНЬКО.