Краязнаўчы тэст-драйв чакае турыстычныя аб’екты Ляхавіцкага раёна

І прыгожа, і з густам – так ахарактарызаваў выставу творчых работ Свяціцкага СДК старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі.

Рэпіхаўскі парк, Агінскі канал, касцёл Святой Марыі і храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы – гэтыя і іншыя культурна-гістарычныя аб’екты ў мінулую пятніцу склалі турыстычны маршрут.
Кіраўніцтва раёна, начальнікі аддзелаў райвыканкама і іншыя
адказныя асобы прайшліся-праехаліся па тэрыторыі Крывошынскага сельсавета і вачамі патэнцыяльнага турыста ацанілі тутэйшыя краязнаўчыя «фішкі».

У цэнтры ўвагі выязнога пасяджэння прэзідыума райвыканкама і райсавета дэпутатаў былі стан і добраўпарадкаванне мясцовых славутасцяў, аднаўленне іх турыстычнай прыцягальнасці. Зрабіць, каб гэтыя і іншыя кропкі на карце Ляхавіччыны загучалі-заявілі пра сябе, сталі цікавымі для гасцей, у тым ліку замежных падарожнікаў – такія задачы паставілі старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі і старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса.
Дарэчы, тэсціраванне на прэзентабельнасць чакае і іншыя турыстычныя маршруты раёна. Учора, напрыклад, экзамен трымалі Грушаўка-Сваятычы-Нача. У Год малой радзімы такая «інвентарызацыя» вельмі дарэчы.
…Дзе гэта? У Ляхавіцкім раёне? Ведаем, бачылі. Вельмі спадабалася. Абавязкова прыедзем яшчэ раз натхніцца мясцовымі краявідамі. Хочацца спадзявацца, што такія эмацыянальныя водгукі мы вельмі хутка пачуем ад гасцей нашага раёна.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. БОЛЬШ ФОТА ТУТ