Душэўнае прызнанне радзіме. Тухавічане ярка і запамінальна адзначылі свята сваёй вёскі

Сустрэча пад традыцыйнай назвай «Па-суседску мы жывём» стала выдатнай нагодай і магчымасцю яшчэ раз прызнацца ў любві да сваёй малой радзімы, землякоў. І першым гэта зрабіў старшыня Востраўскага сельвыканкама Уладзімір Тадра.

Вядучыя свята выклікалі на сцэну аднавяскоўцаў: лепшых кветкаводаў, гаспадароў падвор’яў, таленавітых і актыўных. Ганаровымі гасцямі свята сталі тухавіцкія старажылы Ганна Тадра і Разалія Дубіна, а таксама самыя маленькія – Варвара Філіповіч і Даша Шабудзінава. А Пётр і Марыя Вітко, аказваецца, разам паўстагоддзя – як такі факт пакінуць па-за ўвагай!

Вітаў землякоў і дырэктар ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі» Уладзімір Гунько. Ён, акрамя іншага, узнагародзіў каманду пенсіянераў прадпрыемства, якая заняла першае месца ў раённай спартакіядзе ветэранаў працы (на здымку).

А, напрыклад, Ігар Казанцаў падарыў усім свае вершы пра радзіму. Чарговы раз здзівілі сваім майстэрствам вышывальшчыцы Любоў Палуян і Марыя Еўхач, чые работы ў гэты дзень упрыгожылі фае ГДК. Пра іх захапленне цікава расказала выкладчык беларускай мовы і літаратуры Баранавіцкага каледжа сферы абслугоўвання Людміла Васільева, якая разам са сваёй колішняй навучэнкай
Дзіянай Кенік падрыхтавала даследчую працу «Тухавіцкае
вышыванне» .

Дарэчы , Людміла Аляксандраўна прыгадала яшчэ адзін цікавы факт, пра які многія мясцовыя не ведалі: у Тухавічах амаль два дзесяцігоддзі пражыла Ядвіся Бахенская, у якую ў маладосці быў закаханы Якуб Колас (тады ён працаваў у вёсцы Люсіна настаўнікам), і якая стала прататыпам гераіні яго аповесці «У палескай глушы».

У тым, што свята ўдалося, вялікая заслуга самадзейных артыстаў, у тым ліку дзіцячай вакальнай групы «Карамелькі». А кіраўніцтва торфабрыкетнага завода дапамагло ўдасканаліць яго музычнае афармленне – набыло для СДК патрэбнае абсталяванне.

Алена АБРАМАВА,
дырэктар Тухавіцкага СДК.
Фота з архіва
Тухавіцкага СДК.