Індывідуальна і з паразуменнем. Сустрэчы кіраўніцтва Ляхавіцкага раёна з насельніцтвам у межах ІПГ даюць магчымасць вырашыць многія надзённыя пытанні

У мінулы чацвер на Ляхавіччыне працавалі шэсць інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. ІПГ на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Аляксандрам Камінскім  сустракалася з жыхарамі аграгарадка Востраў. Тэма актуальная, нягледзячы на тое, што яе каляндарны тэрмін закончыўся 30 чэрвеня. Як прайшлі Еўрагульні, якія «дывідэнды», акрамя спартыўных узнагарод, атрымала Беларусь ад кантынентальнага форуму, і, канешне, яшчэ раз прыгадалі самыя яркія моманты спаборніцтваў. Святочна-спартыўнае плаўна перайшло ў надзённае.

Важны аспект, пра які нагадала вяскоўцам начальнік аддзела аналізу практыкі і метадычнага забеспячэння папярэдняга расследавання СК па Брэсцкай вобласці Людміла Жалнер-
чык, – бяспека жыццядзейнасці. Асабліва Людміла Мікалаеўна звярнула ўвагу на дзяцей – яны не павінны стаць ахвярай безадказнасці і няўважлівасці бацькоў. Размова ішла пра змяненні ў паводзінах, якія павінны насцярожыць, пра сацыяльныя сеткі, у якіх абавязкова павінен прысутнічаць бацькоўскі кантроль. Шчас-лівае дзяцінства ні ў якім разе не суадносіцца з алкаголем. Прадстаўнік Следчага камітэта нагадала прысутным пра страшную аварыю ў Белаазёрску, дзе па віне п’янага вадзіцеля загінулі пяцёра чалавек, у тым ліку трое дзяцей.
А пасля зацікаўленыя і актыўныя вастраўчане літаральна засыпалі членаў інфармацыйна-прапагандысцкай групы пытаннямі. Адно з іх тычылася «прыросту» вёскі – будаўніцтва кааператыўнага жылля. Адказ жыхарка Вострава атрымала, канешне, станоўчы. Калі будуць яшчэ жадаючыя пабудаваць уласныя квадратныя метры – калі ласка. Тым больш, для маладых і мнагадзетных сем’яў сёння ў гэтым пытанні істотная дзяржаўная падтрымка. Падрабязную інфармацыю можна атрымаць у аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
У мясцовым райпоўскім магазіне, па меркаванні вастраўчан, цэны завышаныя. Аднак, як патлумачыў старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч, цэны ў вясковых магазінах не адрозніваюцца ад гарадскіх. Прычым спажывецкае таварыства прапаноўвае набыць шмат тавараў па акцыях. А каб зменшыць сабекошт тавараў, мясцовае райпо закупляе прадукты праз лагістычны цэнтр  «Белкаапзнешгандаль». Аднак, маніторынг цэн у хуткім часе ўсё роўна адбудзецца, адзначае кіраўнік райспажыўсаюза. Ён таксама дамовіўся з вяскоўцамі наконт арганізацыі закупкі сельгаспрадукцыі ад насельніцтва.
Наступнае пытанне – з разраду набалелых. Загадчыца Востраўскага фельчарска-акушэрскага пункта Таццяна Аніскевіч гаварыла пра тое, што сярод вяскоўцаў ёсць такія, хто адмаўляецца праходзіць медыцынскі агляд пры абавязковых паказаннях. Справіцца самастойна з непаслухмянымі, а часам і неадэкватнымі ў медыкаў не атрымліваецца. Вырашана, што хутка небяспечныя адрасы наведае назіральная камісія ў складзе ўчастковага інспектара міліцыі, старшыні сельвыканкама і медыка. Шмат пытанняў тычылася газіфікацыі і добраўпарадкавання тэрыторыі аграгарадка.
А завяршылася сустрэча прыемнай навіной і віншаваннямі. З дыпломам І ступенi прыехала ляхавіцкая творчая дэлегацыя, у складзе якой быў і народны тэатр мініяцюр «Вастраўчане» Востраўскага СДК, з VII абласнога фестывалю-конкурсу народнага гумару «Спораўскія жарты». І гэта не адзіная нагода для цёплых слоў. Кіраўнік гэтага СДК Валянціна Гоўша адзначае юбілей. Ёй кветкі і падарункі, словы падзякі за творчую выніковую працу.
Яшчэ адным адрасам, дзе працавала інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй райсавета дэпутатаў Леанідам Калбаса, стаў лясгас. Там таксама ўспомнілі спартыўную дзесяцідзёнку ў Мінску і асабліва выступленне нашага земляка дзюдаіста Уладзіслава Цярпіцкага.
Начальнік РАНС Дзмітрый Чопка пра бяспеку гаварыў не ў тэорыі – страшныя лічбы чарговы раз пацвердзілі, што жарты з агнём вельмі небяспечныя. Шмат ўвагі прафілактыцы – лепш папярэдзіць, яшчэ адзін раз пераканацца і пераправерыць, чым пасля вінаваціць сябе за тое, што выправіць ужо немагчыма.

Сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп з насельніцтвам даюць станоўчы вынік. Меркаванні, заўвагі, прапановы – усё бярэцца мясцовай уладай на аловак. Безумоўна, не ўсё можна выправіць адразу ў сілу магчымасцяў, часу і сродкаў, але да кожнай сітуацыі падыходзяць індывідуальна і з паразуменнем.

Маргарыта КУХТА. Фота аўтара.