На мяжы магчымасцяў.25 ліпеня калектыў РАНС адзначыў прафесійнае свята – Дзень пажарнай службы

Што вы можаце паспець за 42 секунды? А выратавальнікі за гэты час павінны надзець сваю амуніцыю, заняць месца ў спецмашыне і адправіцца на пажар. Ні секундай больш, бо ад іх дзеянняў залежыць чыёсьці жыццё. Выпадковых людзей у гэтай прафесіі няма. Акрамя таго, што прад’яўляюцца сур’ёзныя патрабаванні да фізічных даных і здароўя, сапраўдны выратавальнік павінен быць адважным, рашучым, мець жалезныя нервы і ў любой складанай ці крытычнай сітуацыі ўмець прыняць правільнае рашэнне.

З васьмі да васьмі

Змена пажарных-выратавальнікаў пачынаецца ў восем раніцы
і заканчваецца раніцай наступнага дня. Пасля сутачнага дзяжурства каравул змяняецца. Агняборцы строяцца на развод, начальнік каравула дакладвае абстаноўку за апошнія 24 гадзіны. Правяраюцца машыны – яны павінны быць цалкам укамплектаваны і гатовы да тэрміновага выезду.

Баявы разлік ПАВЧ № 1: Віталій Жук, Аляксей Дарашэнка, Павел Радзюк, Аляксей Коктыш.

Службу выратавальнікі нясуць кругласутачна. Пакуль не прагучыць сігнал трывогі, яны рыхтуюць тэхніку, а таксама вучацца, адпрацоўваюць дзеянні ў магчымых пазаштатных сітуацыях, калі памылка ці прамаруджанне ў дзеяннях могуць каштаваць вельмі дорага. Калі адлік ідзе на секунды, задачы (іх можа быць адразу некалькі) неабходна вырашаць аператыўна і беспамылкова, таму патрэбны пастаянныя трэніроўкі.

Адпачынак падчас дзяжурства – строга па раскладзе. І нават у гэты час выратавальнікі знаходзяцца ў поўнай баявой гатоўнасці.

Дыспетчар Ігар Ракуць.

Першым атрымлівае паведамленне пра надзвычайную сітуацыю дыспетчар. І з дапамогай гукавога сігнала дае каманду выратавальнікам збірацца на выезд.

– Выпісваю пуцёўку, дзе пазначаю месца выкліку, прычыну, час атрымання паведамлення, прозвішча і нумар тэлефона чалавека, які звярнуўся за дапамогай. Усё трэба паспець аформіць менш чым за 40 секунд. Па рацыі пастаянна падтрымліваю сувязь з каравулам. Даю дадатковую інфармацыю, якую ўдаецца высветліць, – расказвае дыспетчар Ігар Ракуць.

Як толькі выратавальнікі выязджаюць на месца, дыспетчар паведамляе пра здарэнне ў хуткую, электрыкам, газаўшчыкам, РАУС.

Да гора немагчыма прывыкнуць

Свой першы выезд памятае практычна кожны эмэнэсавец. Ён уразаецца ў памяць, становіцца своеасаблівым баявым хрышчэннем і часта дапамагае зразумець, ці зможа чалавек затрымацца ў гэтай прафесіі.


Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Чопка.

– Самае складанае – сутыкацца з чалавечым горам. Да гэтага немагчыма прывыкнуць. Цяжка, калі ёсць усе рэсурсы, а, напрыклад, вясной, машына проста не можа хутка праехацьпа разбітай дарозе туды, дзе нас тэрмінова чакаюць. Мы працуем на мяжы магчымасцяў, але магчымасці, на жаль, не бясконцыя, – гаворыць начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Чопка.

Адзін з важных накірункаў работы выратавальнікаў – прафілактыка. Для школьнікаў і дашкалят арганізоўваюцца конкурсы і віктарыны, каб у гульнявой форме растлумачыць і навучыць, як правільна абыходзіцца з агнём, паводзіць сябе ў розных абставінах.

Разам з супрацоўнікамі міліцыі і сацыяльнай службы эмэнэснікі пастаянна праводзяць рэйды. Асаблівая ўвага – пажылым людзям, інвалідам, мнагадзетным і неўладкаваным сем’ям, грамадзянам, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.

Але не толькі на пажары выязджаюць выратавальнікі. Іх дапамога патрэбна пры ДТЗ, надзвычайных здарэннях на вадзе і г. д. Дастаць з ракі рагулю, вызваліць бусла, які заблытаўся ва ўласным гняздзе, зняць з дрэва кацяня – без увагі не застанецца ні адзін выклік.

– Быў выпадак: патэлефанавала дзяўчына і сказала, што збіраецца саскочыць з моста на Ведзьме. Пакуль брыгада ехала да месца, з зямлячкай размаўляў дыспетчар, адгаворваў ад неабдуманага кроку, – расказвае начальнік каравула пажарнай аварыйна- выратавальнай часці Аляксей Дарашэнка.

Дарэчы, менавіта Аляксей нядаўна выязджаў на дапамогу гадавалай дзяўчынцы, якая паўзла па падаконніку на другім паверсе шматкватэрніка па вуліцы Южакова ў райцэнтры.

– Хваляваліся, каб паспець. Даехалі за тры хвіліны. Хутка разгарнулі лесвіцу. Падняўся, закутаў дзіця ў пакрывала і акуратна спусціў на зямлю, перадаў работнікам хуткай, – успамінае Аляксей.

Не дзеля ўдзячнасці

– Калі мы выносім людзей амаль на руках і перадаём урачам, канешне, у іх не той стан, каб сказаць дзякуй. Ды мы і не чакаем – гэта наша работа, – гаворыць намеснік начальніка РАНС Сяргей Мухарэўскі.

За 23 гады службы Сяргею Казіміравічу здаралася бачыць рознае: і чалавека ў вентыляцыйнай шахце, і пажары з-за непатушанай цыгарэты, і аварыі з-за алкаголю…

Тактыка-спецыяльныя заняткі ў дзіцячай школе мастацтваў.

На пытанне, чаму вырашылі стаць пажарнымі, адказаў было шмат: хтосьці хацеў ратаваць жыцці і дапамагаць людзям, для кагосьці гэта магчымасць развівацца фізічна, для іншага – мара з дзяцінства.

Без выхадных і святаў, на сувязі 24 гадзіны сем дзён у тыдзень, рызыкуючы ўласным жыццём, яны прыходзяць на дапамогу іншым. Тут службу нясуць сапраўдныя мужчыны, адказныя, абавязковыя.
Дарэчы, сёлета ганаровае званне «Чалавек года» ў раёне было прысвоена камандзіру аддзялення  пажарнай аварыйна-выратавальнай  часці №1 РАНС Юрыю Смаршчку. І гэта яшчэ адзін яскравы штрых да «партрэта» РАНС.

– Прафесія пажарнага адна з самых небяспечных. Перакананы, што вопыт і майстэрства маіх калег надалей будуць служыць надзейным шчытом на шляху надзвычайных сітуацый. Са святам, калегі, ветэраны! – віншуе начальнік РАНС Дзмітрый Чопка.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.