Пазл бяспекі. Базавай арганізацыяй па пытаннях аховы працы ў АПК раёна з’яўляецца ДП «Нача»

Алкатэст пройдзены! Інжынер па АП ДП «Нача» Руслана Купрыш і вадзіцель МАЗа Эдуард Сялецкі.

Аграрыі выходзяць на пік сельскагаспадарчага года, якім па праве лічыцца жніво. Аксіёма – тое, што ўбраць зерне неабходна хутка і якасна. І, канешне, без «нездаровых» здарэнняў і фактаў траўмавання ўдзельнікаў жніва.
Гарантаванай ад таго перасцярогай з’яўляецца дакладнасць следавання кожнага з задзейнічаных на жніве патрабаванням правілаў аховы працы, транспартнай, пажарнай бяспекі.

Падчас чарговага рэйду галоўныя спецыялісты райсельгасхарчу Міхаіл Новік і Ігар Яварчук прааналізавалі эфектыў-насць сістэмы арганізацыі аховы працы.
Пачалі з «вешалкі», ролю якой у рамках тэмы вытворчай бяспекі выконваюць своечасовасць, глыбіня і ашчаднасць правядзення інструктажаў з работнікамі розных прафесій. Інжынер па АП «Жарабковіч» Сяргей Новік аперыруе дакументамі: калі і які інструктаж прайшоў той ці іншы работнік, даведваемся са старонак пранумараванага і прашнураванага журнала.
Па дамоўленасці з гаспадаркай на Жарабковіцкім вытворчым участку праверку работнікаў на цвярозасць з выкарыстаннем алкатэстара праводзіць медработнік мясцовага ФАПа Святлана Сакалоў-ская. Заадно вымярае крывяны ціск, тэмпературу цела і г. д.
Акрамя ранішняга рытуалу, праз які штодзённа праходзіць больш за шэсць дзясяткаў чалавек, алкатэсціраванне выбарачна можа быць праведзена і ў любы іншы час па меры неабходнасці.
У адным з памяшканняў рамонтна-механічных майстэрняў гаспадаркі абсталяваны душавыя кабіны. Акрамя таго, камбайнеры, вадзіцелі, любы іншы ўдзельнік жніва пасля напружанага працоўнага дня могуць наведаць лазню. На час масавых сельгаскампаній гігіенічная ўстанова пераходзіць на рэжым штодзённай работы (у адрозненне ад пятніцы-суботы ў міжсезонне).
У большай ступені гэта пытанне эканомікі, але і бяспекі таксама: пасля працоўнага дня, які звычайна доўжыцца да глыбокага вечара, камбайны ААТ «Жарабковічы» на машдвор не вяртаюцца (канешне, калі не патрабуецца рамонт ва ўмовах «стацыянара»): застаюцца на начлег па месцы работы ва ўмовах так званага палявога стану, пад аховай вартаўніка. Такім чынам, стомленым за дзень экіпажам адпадае неабходнасць выводзіць грувасткія машыны на дарогі агульнага карыстання.
Міхаіл Новік паведаміў, што ДП «Нача» з’яўляецца базавай арганізацыяй па пытаннях аховы працы ў АПК раёна. Задача –
падцягнуць да іх узроўню ўсіх іншых. Падобнае «званне» не выпадкова: прадпрыемства адзін з лідараў намінацыі, а параўнанне, між іншым, вялося па больш чым 50 пазіцыях. І гэта, бадай, найлепшая ацэнка пастаноўкі работы па АП – і ў цэлым, і ў дачыненні жніўнай кампаніі. Іменна «Нача» стала адным з першапраходцаў у АПК раёна, дзе была наладжана так званая жэтонная сістэма нясення службы вартаўнікамі.
Па падобнай схеме гаспадарка працуе дастаткова даўно, адзначае інжынер па АП прадпрыемства Руслана Купрыш. За многія гады такі падыход неаднойчы пацвердзіў сваю эфектыўнасць.
У разрэзе «базавай» аргані-зацыі пра шторанішняе алка-тэсціраванне, выкананне іншых класічных патрабаванняў АП, транспартнай і пажарнай бяспекі, думаецца, залішне – усё арганізавана, як мае быць.
Ці амаль усё: і ў «Жарабковічах», і ў «Начы» Міхаіл Новік не ўбачыў распрацаваных і выдадзеных на рукі механізатарам схем руху камбайнаў з палёў на мехдвор, з аднаго поля на другое і г. д. На адным з палявых станаў у «Жарабковічах» некаторыя камбайнеры і іх памочнікі ўзяліся за ачыстку машын ад саломы, сухой расліннасці толькі пасля прыезду рэйдавай брыгады. Адзначаліся выпадкі выезду камбайнаў на дарогі агульнага карыстання з жаткай у рабочым, а не, як патрабуюць правілы, транспартным становішчы.
Рэйды будуць працягвацца, маніторынг выканання гас-падаркамі правілаў АП, транспартнай і пажарнай бяспекі падчас уборкі хлеба ўзмоцнены. Наступны адрас увагі – зернетакі і зернесушыльныя комплексы.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.