“Донар” ад слова дарыць. Работнікі Ляхавіцкага райвыканкама прынялі ўдзел у акцыі па бязвыплатнай здачы крыві

Пра тое, што донарства — справа міласэрная, ніхто не паспрачаецца. У жыцці здараюцца розныя сітуацыі, і кроў чужога чалавека можа выратаваць чыёсьці жыццё.

Тым больш прыемны факт: усё больш людзей дзеляцца часцінкай сябе не з-за нейкіх фінансавых бонусаў, а з высакародных памкненняў, дапамагаючы людзям, якія трапілі ў бяду.

Не застаюцца ў баку ад гэтай справы і работнікі ўстаноў, арганізацый Ляхавіччыны, у тым ліку райвыканкама, якія 24 ліпеня прынялі ўдзел у акцыі бязвыплатнай здачы крыві ў выязных умовах. 15 добраахвотнікаў прайшлі нескладаную працэдуру падрыхтоўкі і здалі кроў.

-Донарам можа стаць толькі той, хто адказна ставіцца да свайго здароўя, часцей за ўсё мае актыўную грамадзянскую пазіцыю і, адпаведна, лічыцца надзейным і адказным работнікам, — гаворыць урач-тэрапеўт Баранавіцкай станцыі пералівання крыві Антаніна Бяспалава.

Таксама яна нагадала, што стаць бязвыплатным донарам можа кожны жадаючы, але перад гэтым праверыць неабходныя медыцынскія паказчыкі. Да таго ж працэдура стала больш зручная: цяпер спецыялісты са станцыі пералівання крыві з усім неабходным абсталяваннем выязджаюць у Ляхавічы.

Ірына КУЗЬМІЧ.