На службе ўраджаю. Міліцыянеры — частыя госці на мехдварах і ў полі

Гэтымі днямі аграрыі не проста ўбіраюць ураджай – ад іх шчырай і сумленнай работы залежыць харчовая бяспека краіны.
Адна з важнейшых задач, што Кіраўнік дзяржавы паставіў перад праваахоўнымі органамі, — забеспячэнне бяспекі пры правядзенні ўборачнай кампаніі, недапушчэнне і спыненне крадзяжоў, выяўленне фактаў безгаспадарчасці на прадпрыемствах АПК.
Для якаснага выканання пастаўленых задач у РАУС створаны рэйдавыя групы. Яны абследуюць умовы захоўвання таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў і сельгастэхнікі на мехдварах, гатоўнасць складоў да прыняцця новага ўраджаю, аналізуюць меры па забеспячэнні яго захаванасці.

Радуе, што многія кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіччыны ставяцца да згаданых пытанняў адказна: мехдвары абсталяваны камерамі відэаназірання, наладжаны кругласутачная работа вартавой аховы і належны кантроль за ёй, забяспечана асвятленне тэрыторый у начны час. Праўда, так пакуль не ўсюды. А безгаспадарчасць, непрыняцце мер па забеспячэнні захаванасці маёмасці правакуюць злачынствы і правапарушэнні, у тым ліку дробныя крадзяжы і крадзяжы.
Асаблівай “папулярнасцю” ў несуноў карыстаецца паліва. Але не варта забывацца, што дызпаліва і бензін, якія выкарыстоўваюцца пры правядзенні сельгасработ, афарбаваны, і высветліць, што яны не набытыя на запраўцы, вельмі лёгка. Дарэчы, набыццё, захаванне, рэалізацыя і выкарыстанне афарбаванага паліва – правапарушэнне і можа абысціся нятанна – ад 10 да 50 базавых велічынь штрафу.
Алена ВАСІЛЕВІЧ, старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.