Распрацавана архітэктурна-планіровачнае рашэнне развіцця Ляхавіч на перыяд да 2030 года

Усяго толькі «учора» Ляхавічы адзначылі 520-я ўгодкі. Горад памятае мінулае, жыве-працуе-адпачывае ў сучасным вымярэнні, будуе планы і бачыць сябе ў перспектыве — у прынцыповых накірунках і схемах яго далейшага развіцця на перыяд да 2030 года ўключна.

На розныя колеры гэта «прапісана» ў яшчэ зусім свежым генеральным плане горада Ляхавічы. Выкананая па заказу раённага выканаўчага камітэта УП «Белндіпгорадабудаўніцтва» маштабная работа з’яўляецца пакуль толькі праектам. Дакументам стане пазней — пасля працэдуры грамадскага абмеркавання і звязаных з гэтым магчымых унясенняў пэўных паправак, праходжання шэрагу экспертыз, зацверджанняў і іншае.
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №687 ад 1 чэрвеня 2011 года, на грамадскія абмеркаванні падобных праектаў адводзіцца 15 дзён. У нашым выпадку адлік часу пачаўся 9 кастрычніка, калі ў фае раённага выканаўчага камітэта праект архітэктурна-планіровачнага рашэння развіцця горада выставілі для агляду. Прыйсці, азнаёміцца, пранікнуцца і пры жаданні выказаць свае заўвагі, дапаўненні, варыянты тых ці іншых рашэнняў — усё для таго неабходнае арганізавана непасрэдна на месцы. Арыгінальнасць вітаецца, але ў адпаведнасці з рэальнасцю, патрабаваннямі закона, з розумам і пачуццём адказнасці. 23 кастрычніка стане апошнім днём публічных абмеркаванняў.
З чаго складаецца генеральны план? Прасцей было б сказаць, што не ўваходзіць у яго сучасны варыянт. Гэта не толькі чарцёж альбо камплект ці серыя чарцяжоў. Яшчэ і істотны аб’ём рознай іншай дакументацыі. Напрыклад, законным і неабходным папярэднікам генплана з’яўляецца яго тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне, дзе даецца даступнае і поўнае апісанне сітуацыі, што ўтварылася ў горадзе на момант складання генплана і, прагнозна, на пэўных этапах яго дзеяння. На некаторых архітэктурна-планіровачных прапановах развіцця Ляхавіч спынімся, зробім віртуальную прагулку па Ляхавічах-2030.
На падставе комплекснага аналізу тэрыторый, нарматыўных планіровачных абмежаванняў, разліку аб’ёмаў жыллёвага будаўніцтва прадугледжана развіццё Ляхавіч у заходнім, паўночным і ўсходнім накірунках. Так, на першым — да 2020 года — этапе дзеяння генплана ў горадзе будзе пражываць 11,5 тысячы чалавек, на другім — 2021-2030 — насельніцтва райцэнтра павялічыцца на паўтысячы чалавек. Зыходзячы з гэтага, запраграмаваны штогадовы ўвод жылля: 10 тысяч квадратных метраў на першым этапе і 7,5 тысячы — на другім. Пры гэтым некаторы прыярытэт аддаецца шматкватэрнаму будаўніцтву: 64 працэнты ад агульнай колькасці на першым этапе і 52 працэнты — на другім. Пад шматкватэрную забудову вызначаюцца рэканструяваныя тэрыторыі ў цэнтральнай частцы горада па вуліцах Леніна і Юбілейнай, а таксама на незабудаваных тэрыторыях на працягу той жа Леніна ў накірунку горада Баранавічы. Участкі сядзібнай забудовы размесцяцца ва ўсходняй частцы ў раёне вуліц Падлесская, Пташука, Кальцавая, Дружная і — на другім этапе — у цэнтральнай частцы горада на пойменных тэрыторыях уздоўж ракі Ведзьма.
Саму цэнтральную вуліцу, у адпаведнасці з праектам генплана, чакае рэканструкцыя да стандартаў гарадской магістральнай. У гістарычным цэнтры горада прадугледжана таксама арганізацыя сістэмы пешаходных вуліц: 17 Верасня — Раганава — Замкавая — завулак Замкавы. Новы трэнд гарадскога будаўніцтва — развіццё сеткі веласіпедных дарожак, пераважна, у зонах адпачынку і на асноўных магістральных вуліцах.
Прамыслова-вытворчая тэма таксама мае дастаткова глыбокае гучанне. Зарэзерваваны пляцоўкі пад будаўніцтва новага пажарнага дэпо, для пераносу некаторых вытворчых і складскіх фондаў у прамысловыя часткі горада і іншае. У дачыненні многіх аб’ектаў — СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», ТАА «Трансэлектракамплект», Ляхавіцкае ДРБУ-200, ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас», ДУБП «Ляхавіцкая ПМК-17”, КУМПП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» і іншых прапаноўваюцца мерапрыемствы па аптымізацыі іх санітарна- ахоўных зон.
Адносна інжынернага забеспячэння горада, праект прапануе развіццё дзеючай сістэмы цэнтральнага водазабеспячэння ад падземнага водазабору «Грушаўка» з абавязковым яго расшырэннем да патэнцыяльна неабходных параметраў. Напрыклад, намечана будаўніцтва аб’ектаў так званага другога пад’ёму і — даўняя праблема Ляхавіч і рэгіёна — станцыі абезжалезвання вады.
Цэнтральная сістэма бытавой каналізацыі плануецца ў накірунку выкарыстання тэхналогіі штучнай біялагічнай ачысткі. Мяркуецца закрыццё і наступная рэкультывацыя палёў фільтрацыі малочнага завода. Гэтаму павінна і будзе папярэднічаць (перад выпускам у гарадскую каналізацыю) ачыстка сцёкаў прадпрыемства. Закладзены у генплан шэраг інавацый з мэтай павышэння прапускной здольнасці і паляпшэння работы дажджавой каналізацыі, іншае.
Кардынальнымі бачацца рашэнні развіцця дзеючай сістэмы санітарнай ачысткі горада. У планах — будаўніцтва на поўнач ад горада новага палігона цвёрдых камунальных адходаў у комплексе са смеццесартавальнай станцыяй.
Калі ж абагуліць, праект генеральнага плана прапісвае ў значнай ступені лагістыку гаспадарчага развіцця горада на абазначаны перыяд. Хоць і з вядомымі дапушчэннямі і некаторымі ўмоўнасцямі, дае адказы на шматлікія перспектыўныя «як», «калі», «дзе».
У верасні спецыялісты інстытута абаранялі свой праект перад прадстаўнічай камісіяй раённага выканаўчага камітэта на чале з яго старшынёй Дзмітрыем Бурдуком. У цэлым камісія адобрыла праектнае рашэнне генплана горада Ляхавічы, аднак, унесла і карэктывы, былі выказаны канкрэтныя пажаданні. Так, праекціроўшчыкі абавязаны дадаткова прадугледзець варыянты стварэння вадаёму для ачысткі сцёкаў, што паступаюць у межы горада з вярхоўяў ракі Ведзьма, размяшчэння яшчэ адной — у прамысловай зоне Ляхавіч — смеццесартавальнай станцыі, стаянкі вялікагрузнага транспарту грамадзян і рэзервовай пляцоўкі пад будаўніцтва комплексу новых ачышчальных збудаванняў.
Дарэчы, першыя работы па рэалізацыі некаторых пазіцый генплана пачнуцца ўжо хутка. Напрыклад, рэканструкцыя вуліцы Леніна, абнаўленне фасадаў некаторых будынкаў, добраўпарадкаванне сумежных і прыдамавых тэрыторый. Плануецца неўзабаве распачаць рэканструкцыю спартыўнага «ядра» горада — стадыёна ”Колас” — і іншыя работы.
«Горад Ляхавічы, — канстатуюць распрацоўшчыкі генплана, — мае неабходныя матэрыяльныя, інтэлектуальныя рэсурсы для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця ў будучыні».
Андрэй КРАЕЎСКІ,
галоўны архітэктар раёна.
Іван КАВАЛЕНКА,
карэспандэнт «ЛВ».

P.S. Атрымаць дадатковую інфармацыю, пракансультавацца, выказацца адносна праекта генеральнага плана развіцця горада можна ў непасрэднай размове з галоўным архітэктарам. Прапановы і пажаданні Андрэй Краеўскі гатовы выслухаць 9, 16, 22 кастрычніка з 15 да 17 гадзін у кабінеце № 105 райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *