Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч наведаў Ляхавіцкі раён

У мінулую пятніцу падчас рабочай паездкі Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч разам з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Леанідам Зайцам, іншымі адказнымі асобамі наведаў Ляхавіцкі раён. На малочнатаварнай ферме «Вялікая Лотва» СВК «Шлях новы» ён знаёміўся не толькі з ходам рэканструкцыі гэтага жывёлагадоўчага аб’екта, але і цікавіўся ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама Дзмітрыя Бурдука выкананнем прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, яго перспектывамі. Ляхавіцкія вынікі сёлетняга жніва Прэм’ер-міністр ацаніў станоўча, разам з тым падкрэсліў, што рэзервы для эканамічнага росту існуюць. У прыватнасці, пастаўлена задача росту надояў, прываг, удасканалення работы па аднаўленні і павелічэнні статка і г.д.
Міхаіл Мясніковіч паставіў задачу перад старшынёй СВК «Шлях новы» Аляксандрам Вашчуком: да пачатку наступнага года на рэканструяванай МТФ «Вялікая Лотва» запусціць у работу даільную залу. Дарэчы, гэта дасць магчымасць павялічыць пагалоўе фермы ў паўтара разы.
Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што дзяржава выдзеліла на набыццё ў лізінг абсталявання для МТФ у маштабах краіны 1 трыльён 380 мільярдаў рублёў. Пакуль скарыстана менш паловы гэтай сумы.
Што датычыць развіцця жывёлагадоўлі, то, як адзначыў кіраўнік Урада, у СВК «Шлях новы» трэба задзейнічаць існуючы патэнцыял, у прыватнасці, павялічыць выхад цялят на 100 кароў, нарошчваць шчыльнасць статка на 100 гектараў сельгасугоддзяў, актыўна працаваць над павелічэннем надояў і якасцю малака. Разам з тым Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў актуальнасць работы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый, у тым ліку вытворчых.
Як падкрэсліў Прэм’ер-міністр, працоўныя рэсурсы ёсць, зямля ўрадлівая, матэрыяльная база добрая — трэба працаваць.
У час наведвання МТФ «Зарытава» СВК «Жарабковічы» Прэм’ер-міністр перад кіраўніком гаспадаркі паставіў задачу: у сельгаскааператыве да канца наступнага года павінна быць пабудавана новая МТФ на 1000 галоў. Фінансаванне: 50 працэнтаў дзяржаўнага льготнага крэдыту, 50 працэнтаў — уласныя сродкі гаспадаркі.
Міхаіл Мясніковіч крытыкаваў СВК «Жарабковічы» за нізкія надоі, нізкую ўраджайнасць зерневых у гэтым годзе, нізкі выхад цялят, невысокія прывагі жывёлы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *