Што па чым, высвятлялі ў першую суботу кастрычніка ляхавічане і госці горада

У мінулую суботу галоўнай арэнай для першага ў гэтым восеньскім сезоне кірмашу стаў гарадскі рынак і пляцоўка перад ім. І прадаўцы, і пакупнікі з нецярпеннем заўсёды чакаюць вось такіх купля-продажаў новага ўраджаю. Адны, каб ў дастатковай колькасці прадаць, другія — каб нядорага набыць якасную прадукцыю. Вось чаму як толькі развіднела гараджане і многія вяскоўцы спяшаліся на кірмаш. І хоць пачатак яго быў прызначаны на 8 гадзін раніцы, гандляваць пачалі раней.
На першым кірмашы было калі не ўсё — то амаль усё — з ураджайных восеньскіх палёў, лясоў, фермаў, прысядзібных участкаў, садоў і нават кветнікаў.
Не паспела машына з ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» пад’ехаць да месца прызначэння, як салома была раскуплена. Акрамя саломы гэта прадпрыемства прапаноўвала пакупнікам запатрабаваныя мінеральныя ўдабрэнні, элітную бульбу па 800 рублёў за кілаграм, а ў мясным павільёне — ялавічыну (там жа бараніну прадаваў СВК «Канюхі»).
ДП «Нача» прапаноўвала жывых парасят. 21 «экзэмпляр» — нарасхват, жадаючых купіць было больш, чым прапаноўвалі. ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас» на сёлетнім кірмашы акрамя свайго фірменнага рознасартавога мёду яшчэ прывёз машыну дроў — 7 кубічных метраў, якія разам з дастаўкай на адрас пакупніка каштавалі крыху больш за мільён рублёў. «Канкурэнт» — райпалівазбыт вывез на продаж колатыя дровы. Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж прапанаваў пакупнікам не толькі элітныя сарты яблыкаў, але і іх саджанцы — па 28 тысяч рублёў. Кошт, як і сам тавар, спадабаўся — таму і разышоўся тавар хутка. Саджанцы прадавалі і прыватныя гаспадары з Клецкага раёна — праўда, даражэй, але і яны знаходзілі сваіх пакупнікоў.
Што датычыцца сельгаспрадпрыемстваў, то на гэтым пералік тых, хто прыняў удзел у першым восеньскім кірмашы, можна спыніць. Іншыя, відаць, вырашылі прывезці вырашчаную прадукцыю пазней. Не надта прадстаўнічым быў фермерскі гандаль. Толькі фермерская гаспадарка «Шавялі» шчодра прапаноўвала пакупнікам капусту, моркву, цыбулю. І яшчэ некалькі гаспадароў-агароднікаў прадавалі памідоры, перац і г.д. 
А вось прадстаўніцтва райпо на кірмашы заслугоўвае толькі кампліментаў, асабліва па разнастайнасці тавараў і паслуг. У адным месцы з машыны прадавалі агародніну і садавіну на выбар: моркву, бульбу, цыбулю, яблыкі, буракі, капусту, журавіны, мёд, вінаград. Крыху далей размясціўся міні- рынак на свежым паветры — гандлявалі хлебабулачнымі, каўбаснымі, рыбнымі і мяснымі вырабамі, кансерваванай прадукцый. Як можна было прайсці міма і не пакаштаваць аладак з пылу-жару, як мучных, так і дранікаў, або не адведаць шашлычка! Была і квашаная капуста, і мочаныя яблыкі — неаднойчы гаварылі гараджане і вяскоўцы дзякуй райпоўцам. Дарэчы, у мясным павільёне райпо таксама гандлявала бойка, чым стварыла вартую канкурэнцыю і сельгасарганізацыям, і прыватнаму сектару.
На кірмашы можна было і шчасця паспытаць — прыняць удзел у бяспройгрышнай латарэі «Кот у мяху», і тут жа купіць усякіх гаспадарчых тавараў. Кветкаводы-аматары набывалі кветкі для ўласных клумбаў і альпійскіх горак, іншыя па- майстэрску плеценыя кошыкі і іншую патрэбную ў гаспадарцы дробязь.
Чаго шукалі на кірмашы пакупнікі і не знайшлі? Гэтага таксама нямала — свежай рыбы, большага асартыменту бульбы, вырабаў з ільну, адсутнічаў продаж прамысловымі таварамі — у прыватнасці, адзеннем, абуткам і г.д. А яшчэ — не хлебам адзіным жыве чалавек. Першы кірмаш чамусьці не быў музычна агучаны. Магчыма, прыпеўкі, песні і гумар работнікі культуры прыбераглі для наступных восеньскіх кірмашоў. Доўга чакаць не давядзецца. У бліжэйшую суботу — хто не паспеў — спяшайцеся на базарную плошчу і атрымлівайце асалоду ад жыццёвай гульні пад назвай «купі-прадай».
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *