Вышэйшы пілатаж, ці З жыцця адпачываючых

Без апломба. Без клічнікаў і ахаў. Па-мужчынску лаканічна і пераканаўча прагучала:
– Сыплецца зерне ў бункер, такое яно ўрадзіла сёлета, што сэрца радуецца.

Гэта Сяргей Валчок – майстар лесу Востраўскага лясніцтва, у даны момант старшы камбайнер экіпажа, які шчыруе на тутэйшых жніўных палях, вызначае свой хлебаробскі настрой і сваю сялянскую існасць. Не ўпершыню – дваццаць пяты год запар ён бярэ чарговы водпуск у самы разгар лета і праводзіць яго аднолькава – за штурвалам уборачнага агрэгата.
Кліча поле, кліча хлебная ніва. Іх голас, як навігатар. Гэта не прыгожы вобраз і не перабольшанне і ў дачыненні міліцыянера-вадзіцеля патрульна-паставой службы прапаршчыка міліцыі з Баранавіч Віталія Багдановіча, які шосты год у свой адпачынак едзе да сястры ў Востраў. Правільней сказаць, на жніво ў Востраў. Па той жа прычыне, што і Сяргей Валчок, – каб паўдзельнічаць у адказнай, у многім лёсавызначальнай справе –  уборцы зерня.
Называем экзаменам, выпрабаваннем на сталасць, момантам абсалютнай ісціны гэтыя гарачыя некалькі тыдняў лета, якія ўмяшчаюцца ў пяць літар – жніво. Невыпадкова словы «жыццё» і «жыта» маюць адзін корань: сярод усіх багаццяў галоўнае –
хлеб. Менавіта на ўборачнай пацвярджаецца, ілюструецца, даказваецца: людзі бяруць сілу ад зямлі, а зямля моцная і слаўная людзьмі. Такое вось спрадвечнае адзінства. І не абмяжоўваецца яно месцам асноўнай працы чалавека. Калі было б так, то загадчык вучэбных майстэрняў Аркадзій Давідоўскі, рабочы Васілій Базылюк, майстар па вытворчым навучанні (усе з каледжа) не выказалі б жаданне ў час сваіх водпускаў уліцца ў хлебаробскі атрад ДП «Нача». У райаграсэрвісе інжынер Васілій Якубец гэтымі днямі шчыруе ў якасці старшага камбайнера, а навучэнец Жыровіцкага аграрна-тэхнічнага каледжа Арцём Маляр канікулы праводзіць камбайнерам. Жылкамугасаўцы Ігар Званковіч і Віталій Слінко таксама ў райаграсэрвісаўскай кампаніі.
Гэта ўсяго некалькі радкоў з вялікай і прыгожай біяграфіі жніва-2019 на Ляхавіччыне. Біяграфіі, якая даказвае спрадвечную еднасць хлебаробскага пасылу, правераную часам і вопытам.
За слупкамі лічбаў у інфармацыі райсельгасхарчу аб ходзе жніва – вялікая праца з велічным завяршальным акордам. Ён для ляхавіцкіх хлебаробаў сёлета сапраўды такі: ураджайнасць звыш 40 цэнтнераў з гектара, а ў «Жарабковічах» і «Ляхавіцкім» звыш 60 і 50 адпаведна! Вытворчы плюс, стваральны настрой, асалода ад зробленага: з хлебным вымярэннем усё дакладна і жыццесцвярджальна. Партрэтная галерэя жніва такая яркая і прыцягальная. Віват «штатны» хлебароб і віват «пазаштатны» – той, каму хлебаробская існасць не дае застацца ў баку ад збожжаўборачнага марафону. Вышэйшы душэўны пілатаж у ажыццёўленым рашэнні, што лепшы водпуск – хлебаробскага прызначэння. Такія вось летнія акалічнасці.

Вольга БАРАДЗІНА.

P.S.  Заўтра пачнецца жнівень. Жнівень, жніво – жыццё працягваецца! А раёнка працягвае пошук самай «жніўнай» сям’і Ляхавіччыны. Як жа хлебна і хвалебна на ніве колеру сонца!