Патысон – зусім не сон. Асартыментная навінка ад Ляхавіцкага кансервавага завода.Фота з цэха

Асартыментная навінка кансервавага завода – маленькія патысончыкі – менавіта ў гэты час сыходзяць з вытворчага канвеера. Расфасаваная ў літровыя слоікі, гэта прапанова выглядае вельмі апетытна, як, дарэчы, і агуркова-патысонавае асарці.
Дырэктар завода Аляксандр Вашчук расказвае, што сёлетні сезон праходзіць штатна: гэта значыць – фруктова-гароднінна-ягадная нарыхтоўка і перапрацоўка ў разгары. Паспелі замарынаваць 250 тон агуркоў, якія паставілі прадпрыемству Ляхавіцкае, Баранавіцкае, Лунінецкае райпо і дзве фермерскія гаспадаркі.
Цяпер вось кабачковая серыя. Першы ўраджай з агарода прысядзібнай гаспадаркі заважыў 115 тон. Уся гэтая шчодрасць будзе перапрацавана ў кабачковую ікру – «аматарскую» і «дыетычную». Аляксандр Мікалаевіч удакладняе, што на прадпрыемстве распрацаваны пяць рэцэптур кансерваў гэтага віду і што чакаюцца яшчэ два ўраджаі кабачкоў.
Класікай ляхавіцкага кансервавага «жанру» было і застаецца яблычнае павідла. Сёлета не стане выключэннем. Акрамя павідла тут мяркуюць прапанаваць спажыўцам яблычнае пюрэ і працёртыя яблыкі.
Не менш смачна і апетытна гучаць іншыя вытрымкі з летняга кансерваванага «меню», напрыклад: зварана 2,5 тоны клубнічнага варэння. А хутка ў справу пойдзе «ягада маліна» – цэлых дзесяць тон. Жнівень у кансервавым цэху набудзе спакуслівы малінавы пах.
А ўсё разам гэта і многае іншае ёсць вытворчасць старэйшага ў раёне прадпрыемства – ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод».
Вольга БАРАДЗІНА
.