Соф’я Марчык і яе дачка Ганна Пішчака з Ляхавічаў умеюць ствараць свята

З захапленнем маленькая Соня бегала ў Дараўскі клуб, каб у чарговы раз палюбавацца, як віртуозна іграе на баяне прыгажуня Таццяна. Уяўляла сябе баяністкай, марыла звязаць сваё жыццё з музыкай, песнямі, танцамі, ствараць добры настрой людзям, рабіць іх жыццё больш цікавым і святочным.
— Аднак мама была катэгарычнай і сказала: работа ў культуры — гэта не сур’ёзна, а так, забава. Вось настаўнік — зусім іншая справа, — успамінае Соф’я Марчык.
Дачкой яна была паслухмянай, таму, закончыўшы Дараўскую СШ, адправілася ў Гродна, да гэтага часу яе самы любімы горад паступаць у педінстытут на філалагічны факультэт. Не пашчасціла: паспяхова вытрымаўшы папярэднія іспыты, заваліла экзамен па гісторыі. Вось так лёс распарадзіўся: не атрымалася настаўніца рускай мовы і літаратуры Соф’я Сцяпанаўна. Затое на культурнай ніве ўзышла, а праз гады ярка зазіхацела зорачка таленавітага арганізатара, сцэнарыста, вялікага прыхільніка народнай творчасці.
Гэта было пасля. А тады вельмі саромелася ехаць дамоў, адчувала сябе няёмка ад таго, што яна, паспяховая вучаніца, не паступіла ў інстытут. Вырашыла: усё роўна дасягну сваёй мэты. Цэлы год займалася на падрыхтоўчых курсах, вечарамі пісала кантрольныя работы, днём працавала на Баранавіцкім хлебазаводзе.
Але потым прачытала ў газеце аб’яву пра набор у Гродзенскае культасветвучылішча. Без праблем прайшла ўсе этапы конкурсу і была залічана навучэнкай дзённага аддзялення рэжысёрскага факультэта.
14 гадоў яе жыцця ў прафесіі звязаны з Дараўскім СДК.
— Што гэта быў за цудоўны час! Агітбрыгада, фальклорна-этнаграфічны калектыў, вакальна-інструментальны ансамбль, у склад якіх уваходзілі мясцовыя настаўнікі, медыкі, сельгаспрацаўнікі, салдаты і афіцэры, што праходзілі службу ў бліжэйшых воінскіх часцях, выступалі на шматлікіх сцэнах і пляцоўках, палявых станах і ў вытворчых майстэрнях, на танцах і раённых мерапрыемствах, — успамінае Соф’я Марчык.
Творчую, актыўную, няўрымслівую, з бясконцымі ідэямі і задумкамі, яе цяжка было не прыкмеціць. І колішні загадчык аддзела культуры Уладзімір Крук прапанаваў Соф’і Марчык узначаліць толькі што створаны метадычны цэнтр аддзела культуры.
Сёння ў цэнтры сабрана мноства сцэнарыяў, метадычных распрацовак, абагульнены вопыт работы устаноў культуры раёна, створана выдатная метадычная база. А колькі цікавых конкурсаў, гарадскіх і вясковых свят і ўрачыстасцяў, фэстаў, выстаў арганізавана і праведзена! Прычым рэжысёрам большасці з іх была менавіта дырэктар цэнтра Соф’я Марчык. Яе энергіі можна пазайздросціць. Адзін толькі фестываль «З крыніц спрадвечных» чаго варты!
— Вы не ўяўляеце, колькі таленавітых самабытных майстроў на ляхавіцкай зямлі. Яны такія шэдэўры робяць, што дзіву даешся. Не захапляцца немагчыма. З любоўю перадаюць сваё майстэрства дзецям — гэта дарагога варта — Ніна Алёхнік, Марыя Варанец, Надзея Горка з дачкой Святланай Русакевіч, Святлана Страмавус. А як зберагаюць і прымнажаюць песенную, музычную і харэаграфічную спадчыну нашы фальклорныя калектывы «Ліпчанка», «Весялушкі», «Вастраўчане» і іншыя, — расказвае Соф’я Сцяпанаўна.
Становіцца зразумелым, што іншага шляху ў дачкі Соф’і Марчык Ганны не было, як пайсці па слядах маці і стаць культработнікам. Прычым, паспяховым. Але спачатку Ганна ўвасобіла юнацкую мару мамы — стала настаўніцай і нейкі час працавала педагогам. Толькі спадчыннасць узяла сваё. Ганна Пішчака — метадыст аддзела культуры. А многія ляхавічане яе ведаюць як вядучую розных культурных мерапрыемстваў.
Вось такая дынастыя, у якой, магчыма, будзе і працяг, бо дзеці Ганны — Карына і Максім — ужо цяпер даюць маме і бабулі «культурныя парады». А муж Соф’і Сцяпанаўны і ўвогуле першы памочнік.
….Калі, гаворачы пра работу, Соф’я Марчык загадкава ўсміхаецца, гэта значыць, яна прыдумала нешта новае. А што? Хутка ўбачым — на бліжэйшым свяце.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *