Будні Ляхавіцкай паляўнічай арганізацыі

Дазвол расчахліць стрэльбу аматары паляўнічай забавы атрымліваюць яшчэ напрыканцы лета. Далей — больш: за сезонам палявання на вадаплаўную ці балотную птушку надыходзіць час прыхільнікаў «пахадзіць» з ружжом за белымі і іншай афарбоўкі «пушысцікамі», зусім не белымі і далёка не пушыстымі капытнымі прадстаўнікамі лясной фаўны. Як расказаў дырэктар раённай паляўнічай арганізацыі Валянцін Макрэцкі, дазвол паляваць на капытных — казулю, аленя, дзіка — дзейнічае нядаўна і рэгламентаваны шэрагам дадатковых асаблівасцяў. У прыватнасці, паляванне з’яўляецца калектыўным загонным і павінна праходзіць ў прысутнасці штатнага егера гаспадаркі.
Але не толькі арганізацыяй і правядзеннем паляўнічых тураў заняты гэтым часам работнікі раённай структуры БТПР. Большую і вельмі важную частку часу забірае клопат пра лясных насельнікаў. Каб зімовы холад не стаў для апошніх зімовым голадам, трэба працаваць: сеяць, назапашваць, рыхтаваць падкормачныя пляцоўкі. Напрыклад, ва ўладаннях Востраўскай паляўнічай дачы 6-гектарныя пасевы рапсу далі ўжо ўсходы. Назапашаны пэўныя аб’ёмы фуражнага зерня, зернеадходаў, выкананы закладкі сенажу і сіласу, каб мець што кінуць у кармушку дзікім жывёлам у бедныя на корм, суровыя зімовыя месяцы.
У кастрычніцкіх планах раённай паляўніча-рыбалоўнай арганізацыі значыцца таксама правядзенне «пасадкі». Пасадачны матэрыял — іменна так на прафесійнай мове гэта называецца — 150-200 грамовыя экзэмпляры карпа, белага амура,таўсталобіка. Агульнай вагой 1000 кілаграмаў іх мяркуецца «падсадзіць» у вадаём, што знаходзіцца побач з Востравам. Для разводу.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *