50-гадовы юбілей адзначае батальён кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады, што на Ляхавіччыне /фота/

Гісторыя стварэння батальёна пачыналася 50 гадоў таму. З 1 кастрычніка па 1 лістапада 1962 года ў ваенным гарадку каля вёскі Дарава быў сфарміраваны батальён кіравання ў складзе 8-й радыётэхнічнай брыгады. Цяжка падлічыць, колькі салдат і афіцэраў за паўстагоддзе прайшлі тут школу сталення, мужнасці, выхавання, стаялі на варце спакою і міру, удасканальваліся ў нясенні службы і набывалі спецыяльнасці, якія потым спатрэбіліся і на гражданцы.
— Так, служба і для навабранцаў, і для вопытных салдат, і для афіцэраў — справа першачарговай важнасці. Але армія — гэта яшчэ і школа выхавання. Мяркуйце самі, служыць прыходзяць зусім юныя рабяты, а праз паўтара года яны становяцца сапраўднымі мужчынамі — рашучымі, смелымі, больш адукаванымі і з новай, набытай тут, прафесіяй, — расказвае камандзір батальёна, падпалкоўнік Сяргей Задорскі.
Сяргей Андрэевіч — кадравы ваенны. Пачынаў службу ў 1992 годзе ў часці, якая дыслакавалася ля Белавежскай пушчы, пасля заканчэння Вільнюскага вышэйшага каманднага вучылішча. Потым перавёўся на Ляхавіччыну і прайшоў усе прыступкі кар’ернага росту — ад інжынера комплексу сродкаў аўтаматызацыі да камандзіра батальёна. Жонка таксама ваеннаслужачая.
— У нашым батальёне распарадак такі ж, як і ва ўсіх часцях 8-й радыётэхнічнай брыгады: пад’ём, зарадка, ва ўрачыстай абстаноўцы асабовы састаў заступае на баявое дзяжурства з абавязковым гучаннем гімна і праходжаннем маршам. А яшчэ — вучэбныя заняткі, падрыхтоўка да нарадаў, заняткі спортам, адпачынак і, канешне, абед і вячэра — па раскладзе, — уводзіць у курс спраў намеснік камандзіра батальёна па ідэалагічнай рабоце капітан Сяргей Казлоўскі. Што датычыцца салдатаў тэрміновай службы, то ў батальёне гэта ў асноўным рабяты з Гомельскай і Брэсцкай абласцей. А вось у афіцэраў і прапаршчыкаў больш шырокая геаграфія. Нямала і тутэйшых, як напрыклад, капітаны Яўгеній Сазончык і Юрый Малевіч, старшыя прапаршчыкі Юрый Архангельскі, Аляксандр Марозаў, прапаршчыкі Дзяніс Кучура, Сяргей Пранчак, Віталій Страмавус, Дзмітрый Чарняўскі.
Круглыя суткі — баявое дзяжурства — батальён пільна сочыць за паветранай сітуацыяй у зоне адказнасці, праводзячы за 24 гадзіны больш 100 паветраных судоў. Службу нясуць узорна, што неаднойчы пацвярджалася на рэспубліканскіх буйнамаштабных вучэннях. Заўсёды дзеянні ваеннаслужачых батальёна заслугоўвалі адзнаку «выдатна».
Бесперапыннае і дакладнае нясенне баявога дзяжурства, адсочванне і суправа-джэнне палётаў — аснова асноў для планшэтыстаў. У батальёне гэта ў пераважнай большасці прадстаўніцы прыгожай паловы (жанчын у арміі цяпер нямала, і 8-я брыгада не выключэнне). Тут роўных няма яфрэйтарам Вользе Дзенісюк, Ірыне Лаўрынчык, Наталлі Федаровіч. Ладзіцца служба ў Артура Шах-Гусейнава і Дзмітрыя Янкоўскага.
Для дызелістаў-электрыкаў галоўнае — уважлівасць і зладжанасць дзеянняў. У лічаныя хвіліны яны павінны выканаць свае функцыянальныя абавязкі і забяспечыць электрасілкаваннем тэрыторыю ўсёй часці. Прафесіянальна гэта выканаюць яфрэйтар Сяргей Воран і радавы Арцём Агіевіч.
Пункт візуальнага назірання — спецыяльна абсталяваная вышка, якую відаць здалёк. Пастаянна тут нясуць дзяжурства назіральнікі ПВН. Дарэчы, візуальнае назіранне — надзейная падтрымка ў вызначэнні месцазнаходжання любога самалёта. З біноклем, компасам і секундамерам на «ты», па гулу рухавіка вызначыць тып самалёта лепшы назіральнік — радавы Канстанцін Краснашчокі.
На камутатары зыходзяцца ўсе лініі сувязі паміж падраздзяленнямі. Сувязісты, якія тут працуюць, пастаянна ў эфіры. Раўняюцца на служачую Святлану Смыкалаву. Выдатна ведаюць тэлеграфную справу яфрэйтар Жанна Сердзюкова і служачая Кацярына Заброцкая.
Як вядома, галодны салдат — не салдат. Важна не толькі добра накарміць, але і смачна. Гэта ўдаецца паварам батальёна яфрэйтару Людміле Пішч і служачай Зюце Зайко.
У адказе за здароўе салдат і афіцэраў мясцовыя медыкі — фельчар Іна Рамановіч і радавы Анатолій Макарэвіч.
— У батальёне паспяхова — не на паперы, а на справе — дзейнічае пярвічка БРСМ (сакратар — прапаршчык Сяргей Александровіч). Ваеннаслужачыя з задавальненнем займаюцца спортам, з інтарэсам удзельнічаюць у культурным жыцці батальёна — арганізуюць канцэрты і выступаюць па-за межамі часці. А яшчэ тут заўсёды рады бацькам салдатаў тэрміновай службы, — расказвае Сяргей Казлоўскі.
— Першае пытанне, якое хвалюе бацькоў: як сын сябе паводзіць. Гадоў 20 таму больш хвалявала, як харчуюцца навабранцы, ці не крыўдзяць іх. Змена прыярытэтаў тлумачыцца тым, што за апошнія дзесяцігоддзі ўзрос давер да арміі, з’явілася ўпэўненасць, што служба ва Узброеных Сілах Беларусі — гэта ганарова і перспектыўна, — разважае Сяргей Задорскі і мае рацыю.
Прафесіяналізм, адказнасць, дысцыплінаванасць, самаадданасць і патрыятызм — вызначальныя рысы тых, хто пачэсна нясе службу ў батальёне кіравання. І многія з былых ваеннаслужачых гэтага падраздзялення 8-й радыётэхнічнай брыгады прыедуць 20 кастрычніка ў Дом культуры ўтульнага пасёлка Дарава-Чыж, каб сустрэцца з аднапалчанамі, вайсковымі сябрамі і юнацтвам і разам адсвяткаваць юбілей часці.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *