Узаемныя перспектывы


Президент Беларуси Александр Лукашенко на переговорах с Президентом Узбекистана Шавкатом Мирзиёевым

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў  1 жніўня афіцыйныя перагаворы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі шырокае кола пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва. Бакі разгледзелі перспектывы рэалізацыі сумесных праектаў у машынабудаванні, лёгкай прамысловасці, сельскай гаспадарцы, фармацэўтыцы, транспартнай сферы і IT-сектары. Асаблівая ўвага ўдзелена наладжванню міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння, паглыбленню вытворчай кааперацыі і забеспячэнню спрыяльных умоў для ўзаемнага гандлю таварамі і паслугамі. Акрамя таго, лідары Беларусі і Узбекістана абмеркавалі палітычны парадак дня, сітуацыю ў рэгіёне і ў свеце ў цэлым.

Напярэдадні афіцыйнага візіту ў Беларусь Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева ў Мінску прайшоў I Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана. Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі рэгіёнаў, міністэрстваў і ведамстваў, парламентарыі, дзелавыя колы дзвюх краін.
Па выніках форуму і перагавораў кіраўнікоў дзяржаў Беларусі і Узбекістана падпісаны пакет міжнародных дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва паміж краінамі ў розных сферах. Пагадненні аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і гуманітарнай сферах падпісалі рэгіёны Беларусі і Узбекістана, у тым ліку Брэсцкая вобласць – з Бухарскай і Сырдар’інскай абласцямі.

Адзіным курсам

Беларусь і Узбекістан з’яўляюцца стратэ-гічнымі партнёрамі і маюць намер прадаўжаць курс на ўмацаванне супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь  Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым.
«Няма неабходнасці гаварыць аб тым, як мы чакалі вас, як вітаем тут, у Беларусі. Літаральна за апошнія два гады мы з вамі поўнасцю перавярнулі нашы адносіны. Наогул пераварочваць асабліва не было чаго, трэба было проста нанава іх ствараць. І за два гады мы зрабілі, на шчасце, значна больш, чым за папярэднія дваццаць пяць гадоў нашых адносін», – сказаў беларускі лідар.
У той жа час Прэзідэнт падкрэсліў, што тавараабарот паміж краінамі (амаль $160 мільёнаў за 2018 год) не адпавядае існуючаму патэнцыялу. Беларусь і Узбекістан, упэўнены ён, маюць значна большыя магчымасці.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што фішкай візіту Прэзідэнта Узбекістана ў Беларусь стала развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Бакі ажыццявілі шмат узаемных візітаў на рэгіянальным узроўні, арганізавалі форум, выстаўку ўзбекскай прадукцыі, Дні культуры Узбекістана. Акрамя таго, перад візітам узбекскага лідара ў Мінску быў устаноўлены бюст паэта, дзяржаўнага дзеяча і мысліцеля Алішэра Наваі.
«Усё гэта надае вельмі сур’ёзныя грані вашаму візіту ў Беларусь. Тое, што губернатары сам-насам перагаварылі і ўжо заключылі вялікую колькасць дагавораў, – гэта галоўнае. Наша справа – адкрыць дарогу. Мы яе адкрылі. Па гэтай дарозе павінны пайсці тыя, хто павінен выконваць нашы рашэнні і рэалізоўваць дарожную карту, якую зацвердзілі ўрады Узбекістана і Беларусі», – дадаў Прэзідэнт.

Без закрытых тэм

У час сустрэчы кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі не толькі поспехі ў развіцці двухбаковага супрацоўніцтва, але і існуючыя недахопы. «Няма закрытых тэм у Беларусі, няма тых пытанняў, якія мы маглі б не вырашыць. Мы можам вырашыць любыя пытанні ўзаемна. Нашы эканомікі не перасякаюцца, мы ўзаемадапаўняльныя. Усё, што мы вырабляем, патрэбна ва Узбекістане. Усё, што вы вырабляеце, неабходна нам. У той прамысловай і сельскагаспадарчай рэвалюцыі, якую вы пачалі ва Узбекістане, мы, я думаю, будзем не лішнімі і сваё месца знойдзем», – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Беларусь і Узбекістан маюць узаемнае жаданне развіваць супрацоўніцтва, заявіў Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў. Ён адзначыў, што адносіны паміж краінамі асабліва дынамічна развіваюцца ў апошнія гады. «Безумоўна, вырашальную ролю ў гэтым адыгрывае рэгулярны дыялог на вышэйшым узроўні і наша цвёрдая палітычная воля. Вынікі вашага, Аляксандр Рыгоравіч, мінулагодняга візіту ва Узбекістан сталі сапраўды прарыўнымі ва ўсіх напрамках. Зададзены новыя арыенціры далейшага практычнага супрацоўніцтва. Галоўнае – удалося стварыць спрыяльную атмасферу для ўсебаковага пашырэння даверных і ўзаемавыгадных адносін, – сказаў ён. – Мы многае зрабілі за апошнія некалькі гадоў, аднак патэнцыял і магчымасці для нашай будучай работы велізарныя».

Прыярытэтныя напрамкі

Аляксандр Лукашэнка абазначыў прыярытэтныя напрамкі ў супрацоўніцтве з Узбекістанам: паглыбленне вытворчай кааперацыі, стварэнне сумесных прадпрыемстваў, забеспячэнне максімальна спрыяльных умоў для абмену таварамі і паслугамі.
Кіраўнікі дзвюх дзяржаў пасля перагавораў у вузкім і пашыраным фарматах, цырымоніі падпісання міжнародных дакументаў, сумеснай заявы для прэсы і пасадкі дрэва на Алеі ганаровых гасцей наведалі выстаўку нацыянальнай прадукцыі «Зроблена ва Узбекістане».

Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.