Каб дарога бегла стужкай. Звароты: вырашана станоўча

Дарожная тэма даволі часта гучыць пры зваротах нашых землякоў у розныя інстанцыі. І гэта зразумела: добраўпарадкаванне дарог – не толькі зручнасць, а і бяспека. Менавіта таму іх рамонту, абнаўленню, утрыманню –  асаблівая ўвага. Новае асфальтавае пакрыццё на галоўнай вуліцы вёскі Вялікая Лотва з’явілася яшчэ летась. Капітальны рамонт дарогі працягласцю 2,5 кіламетра вёўся за сродкі абласнога бюджэту і абышоўся прыкладна ў 576 тысяч рублёў.
Мясцовая жыхарка Таццяна Арцёмчык не стамляецца хваліць «абноўку». Працуе паштальёнам, таму даводзіцца штодзень праходзіць праз усю вуліцу. А гэта немалая адлегласць. Адзначае, што зараз і пешаходам, і транспарту зручна рухацца.
А днямі МАЗы з гравійна-эмульсійнай сумессю імчалі ў напрамку аўтадарогі Гарадзішча-Куршынавічы-Ганцавічы, 900 метраў якой хутка «апрануцца» ў асфальта-бетонную вопратку. Як адзначыў начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога, тут бягучы рамонт плануюць завяршыць да канца жніўня.
Дарэчы, абнаўленне чакае і дарогу паміж Грушаўкай і Пашкоўцамі. Ужо гатова праектна-каштарысная дакументацыя. Пасля таго, як праект пройдзе экспертызу, дарожнікі прыступяць да ўладкавання асфальтабетоннага пакрыцця.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.