Піянерская гісторыя. Рэтрафотатэка «ЛВ»

У Год малой радзімы вучні  факультатыву «Мая Айчына» вырашылі стварыць гісторыю піянерскай арганізацыі Жарабковіцкай школы. І вось  пра што даведаліся ў выніку пошукаў.

У 1944 годзе ў Жарабковіцкай школе пачалі стварацца піянерскія атрады. Першай піянерважатай была Надзея Аляксееўна Мікуліч. Яе ўспаміны ў 1978 годзе запісала настаўніца рускай мовы і літаратуры Марыя Сцяпанаўна Такарчык:

Першым піянерам цяжка было атрымаць гальштук. Дзеці самі шылі іх, а перад гэтым афарбоўвалі палатно ў чырвоны колер. Вучні бачылі, што ў піянерскіх атрадах жыццё праходзіць цікава і карысна. Піянеры выступалі з канцэртамі не толькі ў сваёй вёсцы, але і ў суседніх, а таксама ў Ляхавічах. Яны дапамагалі ва ўборцы ўраджаю ў саўгасе «Нача» (у Жарабковічах калгаса яшчэ не было)».


У 1954 годзе ў школу прыйшла маладая настаўніца Алена Іванаўна Таранда, якая была прызначана старшай піянерважатай. Задору ў маладой важатай хапала. Яна імкнулася зрабіць жыццё піянерскай арганізацыі цікавым і захапляльным. Пра гэта Алена Іванаўна расказала на нядаўняй сустрэчы з вучнямі напярэдадні свята піянерскай дружбы.
Заслужаная настаўніца БССР, яна выхавала не адно пакаленне будучых  настаўнікаў. Сярод іх і Любоў Фёдараўна Касцюк, якая таксама пачала сваю педагагічную дзейнасць з пасады старшай піянерважатай нашай школы.
У 1960 годзе метадам народнай будоўлі калгас «Беларусь» на чале са старшынёй Пятром Панкратавічам Бычковым заклаў падмурак і пабудаваў першы паверх новага будынка школы. Піянеры і камсамольцы, як маглі, дапамагалі ў гэтым. Яны збіралі каменне на палях калгаса для падмурка. І ў 1964 годзе новая школа адчыніла свае дзверы.
7 чэрвеня гэтага года былая піянерважатая, Заслужаная настаўніца  БССР, у мінулым намеснік загадчыка Слуцкага райана наведала нашу школу, падзялілася фотаздымкамі і ўспамінамі пра сваю работу.
Піянерважатымі ў розныя гады былі многія настаўнікі нашай школы: Аляксандра Іванаўна Жук, Ірына Іванаўна Жалезная, Жанна Уладзіміраўна Жук, Алена Іванаўна Глобаж, Зоя Яўгеньеўна Гаспадура, Аксана Леанідаўна Каляда і многія-многія іншыя. Але асабліва хочацца адзначыць Святлану Аляксееўну Парасевіч, якая прыйшла да нас на працу ў перабудовачны час пасля заканчэння Баранавіцкага педвучылішча. Менавіта ёй, актыўнай, жыццярадаснай, школа абавязана стварэннем новай арганізацыі – «Зорны шлях». Кіпела работа ў атрадах, у поўнай меры развівалася самакіраванне. Вось як пра гэта пісала ў тыя часы раённая газета:

Дзейнасць юных не абмяжоўваецца канкрэтнымі рамкамі і не ставіцца ў нейкую залежнасць. Напрыклад, вучні Жарабковіцкай сярэдняй школы паралельна раённай піянерскай арганізацыі стварылі сваё самастойнае аб’яднанне і назвалі яго «Зорны шлях». Яно ніколькі не горшае сваімі справамі і накірункамі, бо ў аснове ляжаць дабро і справядлівасць.


…Пошук матэрыялаў пра гісторыю піянерскай арганізацыі працягваецца. Пра многае даведаліся ад Алены Іванаўны Таранда.
Дырэктар школы Вольга Іванаўна Бурак арганізавала для шаноўнай госці экскурсію па абноўленых школьных кабінетах, пазнаёміла з сабранымі матэрыяламі пра школу, калгас, славутых землякоў. А Алена Іванаўна была задаволена цёплым прыёмам, аб чым пакінула запіс у кнізе водгукаў.
   
Вікторыя КЕНДЫШ, вучаніца  Жарабковіцкай школы.