Прыйшлі стаць профі. Маладых кадраў у жніўні лічаць


Вікторыя Каротчыкава

Як паведамляў «ЛВ», у гэтыя дні на сваё першае працоўнае месца ў нашу раённую бальніцу прыйшлі 25 маладых спецыялістаў-медыкаў. Сярод іх – урач выязной брыгады аддзялення хуткай дапамогі Вікторыя Каротчыкава . Радасць і адказнасць, першыя выклікі і першыя пацыенты – так пачынаецца ўрачэбная біяграфія доктара з жыццесцвярджальным імем Вікторыя.

Маладое папаўненне райбальніцы: Ірына Жэрка, Ірына Равяка, Яўгеній Жукаў, Вераніка Рымар.

Разам з маладым урачом Вікторыяй Каротчыкавай сваіх першых пацыентаў прымаюць афтальмолаг Ірына Жэрка, хірург Яўгеній Жукаў, урач агульнай практыкі Вераніка Рымар, памочнік урача Ірына Равяка і іншыя выпускнікі-медыкі, якія размеркаваны на першае працоўнае месца ў Ляхавіцкі раён.
Творчае папаўненне ў нашых ўстановах культуры.
Дыплом выкладчыка па класе фартэпіяна ляхавічанка Анастасія Каратцова атрымала сёлета, але ўжо год сумяшчала работу і вучобу, працавала ў сваёй роднай школе мастацтваў. З 1 жніўня яна паўнапраўны член творчага калектыву.
– Канешне, хвалююся. Адна справа вучыцца, зусім іншая – вучыць. Хаця мне прасцей, чым тым, хто толькі робіць першыя крокі ў прафесіі. Рада, што ўсё атрымліваецца. Дзякуй педагогу Ірыне Уладзіміраўне Тулейка, якая натхніла мяне прадоўжыць вочобу ў каледжы і стаць выкладчыкам, – гаворыць Анастасія Каратцова.
Ёсць папаўненне і сярод педагогаў мастацкага аддзялення. Таксама ў свой раён вярнулася Ганна Драздовіч.
Наша зямлячка Дар’я Саванчук, нягледзячы на малады ўзрост, ужо знакамітасць. І не толькі ў Беларусі. Яна ўладальніца гран-пры і прызёр маскоўскіх міжнародных фестываляў славянскай музыкі ў намінацыі «Конкурс народных інструментаў».
15 жніўня Дар’я ў сваіх родных Навасёлках прыйдзе ў дзіцячую школу мастацтваў ужо выкладчыцай па класе цымбалаў. Гэта творчая і таленавітая дзяўчына марыць адкрыць вясковым хлопчыкам і дзяўчынкам усю прыгажосць чароўных гукаў народнага інструмента.
Маладыя спецыялісты прыйшлі і ў іншыя ўстановы і арганізацыі раёна. Меншы, чым звычайна, прыток навічкоў у сістэму адукацыі раёна. Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Таццяна Зубік расказала, што ў жніўні ўпершыню да работы прыступяць настаўнік замежнай мовы ў гімназіі, біялогіі і хіміі ў Малагарадзішчанскай школе, псіхолагі ў Навасёлкаўскай СШ і яслях-садзе № 4. Хаця, як адзначыла спецыяліст, заявак у сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы было пададзена куды больш.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА