Падарожнічалі па «Вёсцы продкаў». У Ляхавіцкім раёне мінулы месяц стаў багатым на бібліятэчныя сустрэчы

Мінулы месяц стаў багатым на бібліятэчныя сустрэчы. Раённая купалаўка запрасіла сярод іншых і наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў у літаратурна-паэтычную гасцёўню «Тут Радзіма мая».
Вобразы роднага краю праз творчасць мясцовых паэтаў прадстаўлялі ўдзельнікі клубаў «Вясёлыя пенсіянеры», «Лада», «Сівізна». Для гасцей гучалі песні, вершы, гумарэскі. Была і святочная хвілінка: сардэчна павіншавалі з юбілеем свайго музыканта, кампазітара, акампаніятара Івана Пішча.

Парадавала юных чытачоў Русінавіцкая сельская бібліятэка. Хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся ў краязнаўчае падарожжа «Вёска маіх продкаў» па аграгарадку Русінавічы. А для выхавальнікаў старэйшай групы тутэйшага дзіцячага садка бібліятэкар Іна Калядзіч арганізавала гадзіну гучных чытанняў «Казкатэрапія».
Пра жывёл, бытавыя і чароўныя – такія віды рускіх народных казак выдзяляюць фалькларысты. Пра гэта даведаліся юныя ляхавічане, якія ўдзельнічалі ў літаратурнай гульні, што ладзілася ў дзіцячай бібліятэцы.
А яшчэ запомнілася смачная акцыя «Кнігу вазьмі – шакалад атрымай», прымеркаваная да Сусветнага дня шакаладу.
У Востраўскай сельскай біблІятэцы падчас літаратурнай гадзіны для падлеткаў «Вакол свету па старых кнігах» рабяты падарожнічалі па старонках казак.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.