Школа вярнула імя. Жарабковіцкая школа цяпер афіцыйна носіць назву «Жарабковіцкая сярэдняя школа імя М.Г. Мінкевіча»

Шмат гадоў шыльда, размешчаная на будынку Жарабковіцкай СШ, паведамляе, што ўстанова носіць імя вядомага земляка – удзельніка рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, Вялікай Айчыннай вайны, выдатнага педагога і былога (з 1968 па 1985 гады) міністра асветы БССР Міхаіла Гаўрылавіча Мінкевіча. На жаль, ніякіх пацвярджальных дакументаў на гэты конт у школы да нядаўняга часу не было. Факт зацікавіў маладога дырэктара Вольгу Бурак і падштурхнуў да актыўных пошукаў.

Сярод шматлікіх школьных спраў знайшлі час стварыць куток, прысвечаны знакамітаму ўраджэнцу Гулічаў (надзвычай нераўнадушна паставілася да справы настаўнік гісторыі Святлана Пальчык), а дырэктар накіравала запыты ў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Нарэшце, прыйшоў доўгачаканы адказ, у канверце – копія Пастановы Саўміна ад 11 студзеня 1988 года «Аб увекавечанні памяці былога міністра асветы БССР, заслужанага настаўніка БССР М. Г. Мінкевіча». Адзін з пунктаў дакумента – з адрасам Жарабковіцкай школы.

А нядаўна райвыканкам зацвердзіў новы статут установы адукацыі. Цяпер яна афіцыйна носіць назву «Жарабковіцкая сярэдняя школа імя М.Г. Мінкевіча». Атрымліваецца, дзякуючы нераўнадушнасці землякоў, ёй вярнулі імя чалавека, які ў свой час праславіў родныя мясціны. У Год малой радзімы гэта асабліва сімвалічна.

Святлана БЕЛЬМАЧ.