Рапс просіцца ў глебу. У Ляхавіцкім раёне вядзецца падрыхтоўка пасяўнога палетка

Паралельна з галоўнай сельскагаспадарчай кампаніяй – жнівом, у працяг яе і з прыцэлам на ўраджай будучага года вядуцца іншыя палявыя работы.

Салома таксама хлеб – для жывёлагадоўлі, выкарыстоўваецца як выдатны падсцілачны матэрыял. І каб гарантаваць сваім статкам «сухія» ўмовы ўтрымання, гаспадаркі завіхаюцца на ўборцы і ўладкаванні саломы блізка да фермаў. Статыстыка райсельгасхарчу інфармуе: па стане на ўчарашні дзень на 60 працэнтах убраных палёў салома ўжо спрасавана, у большасці выпадкаў звезена і складавана.

Работы працягваюцца. Праводзіцца лушчэнне вызваленага ад пажніўных рэшткаў іржышча. Пройдзена каля чвэрці шляху. Частка сельгаспрадпрыемстваў занята на работах пагербіцыднай апрацоўцы палёў.

Рапс, які гэтым часам просіцца ў глебу, з’яўляецца для аграрыяў адной з прыярытэтных задач. Падрыхтаваць палетак да сяўбы – толькі частка работы, але найбольш працаёмкая. У гэтым жніўні сельгасарганізацыям раёна належыць пасеяць 2900 гектараў алейнай культуры.

Акрамя тройкі вузкаспецыялізаваных прадпрыемстваў –«БелДан», ільнозавод і льнонасенстанцыя – вырошчваць рапс будуць усе іншыя аграрыі раёна. Найбольшы клін плануецца закласці ў «Жарабковічах» – 950 адзінак плошчы, «Шляху новым» – 700, «Ляхавіцкім» – 400, «Начы» – 320. Вось-вось стартуюць сеялкі, а пакуль – падрыхтоўка пасяўнога палетка, якая выканана амаль на палове ад неабходных плошчаў.

Іван КАВАЛЕНКА.